Інфляцыя пакуль запавольваецца, але паскарэнне росту цэнаў сёлета непазбежнае


Інфляцыя ў Беларусі запавольваецца, але да канца года можа скласці 7,8 %. Эксперты Еўразійскага банку развіцця звяртаюць увагу, што цэны па выніках чэрвеня выраслі на 2,9 % у параўнанні з чэрвеньскімі паказнікамі мінулага года. Разам з тым эканамісты звяртаюць увагу на негатыўныя з’явы, якія могуць прывесці да таго, што прагнозы не спраўдзяцца. «Белсат» разам з старэйшай навуковай працаўніцай даследчага цэнтру BEROC Настассяй Лузгіной прааналізаваў гэтыя рызыкі ў эканоміцы Беларусі.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Белсат

З пачатку бягучага года курс беларускага рубля да долара ЗША прасеў на 10,26 %. Цяпер за долар ЗША ў беларускіх банках даюць 3 рублі. Пры гэтым інфляцыя ў Беларусі, паводле афіцыйных звестак, скарачаецца. Белстат прыводзіць звесткі толькі за чэрвень. Па выніках першага паўгоддзя гадавая інфляцыя склала 2,9 %. Эксперты Еўразійскага банку развіцця (ЕАБР) звязваюць гэта галоўным чынам з дзяржаўным рэгуляваннем.

Каментар
Курс рубля зніжаўся два тыдні. Што адбываецца на валютным рынку?
2023.07.07 16:57

Аналітыкі лічаць, што ў наступным паўгоддзі цэны ў Беларусі будуць расці хутчэй. Прычынаў для гэтага некалькі: магчымае змякчэнне кантролю за цэнамі, паслабленне курсу беларускай валюты і рост унутранага попыту на фоне павышэння рэальных даходаў і пашырэння крэдытавання.

З такім прагнозам пагаджаецца старэйшая навуковая працаўніца даследчага цэнтру BEROC Настасся Лузгіна.

«Змяненне курсавой дынамікі ў бок росту курсаў долара і еўра будзе адлюстроўвацца на агульным інфляцыйным фоне. Але рэгуляванне цэнаў, якое цяпер існуе, уплывае на ўтрыманне інфляцыі. Такім чынам, інфляцыя будзе, але яна будзе размытая ў часе», – кажа экспертка ў размове з «Белсатам».

Беларускія рублі, долары ЗША і еўры. Менск, Беларусь, 27 красавіка 2021 года.
Фота: Белсат

Настасся Лузгіна таксама звяртае ўвагу, што цяпер мы назіраем сезонныя ваганні цэнаў. У краіне зніжаецца кошт садавіны і гародніны, нават імпартнай. Да таго ж ідзе актыўны гандаль з Расеяй. І тут мы бачым адваротную дынаміку.

«Беларускі рубель умацоўваецца да расейскага, і сітуацыя пагаршаецца. Для беларускага экспарту гэта не вельмі добра, бо наш тавар робіцца ў Расеі даражэйшым. А для імпарту – наадварот, з’яўляецца магчымасць пакуль не павышаць цэнаў на расейскія тавары ў сувязі з тым, што расейскі рубель таннее ў адносінах беларускага», – тлумачыць эканаміст.

Настасся Лузгіна кажа, што дынаміка валютаў агулам уплывае на інфляцыю ў краіне. Да канца года, хутчэй за ўсё, інфляцыя будзе павялічвацца. Гэта звязана не толькі з курсамі валютаў, але і з мяккай грашова-крэдытнай палітыкай Нацбанку, ростам прыбыткаў насельніцтва. Магчыма, што на гэтым фоне адбудуцца некаторыя змены ў справе рэгулявання коштаў. Мажліва, кантроль паслабяць. Той жа Еўразійскі банк развіцця прагназуе па выніках года інфляцыю ў межах 7,8 %. Гэта ўкладваецца ў афіцыйныя прагнозныя паказнікі ўраду Беларусі. Таму будуць намагацца захаваць гэты ўзровень.

Каментар
Эксперты кажуць, што эканоміка Беларусі пераграваецца. Што гэта значыць і да чаго рыхтавацца
2023.06.26 13:48

Нацбанк паведаміў, што ў Беларусі на пачатак ліпеня істотна вырасла агульная сума наяўных грошай у абароце. За чэрвень шырокая грашовая маса вырасла адразу ж на 3 млрд рублёў, гэта рэкордны рост. Банкі заявілі, што маюць прафіцыт грошай і больш ахвотна даюць крэдыты.

Настасся Лузгіна звяртае ўвагу, што цяпер змяняецца структура грашовай масы.

У шырокую грашовую масу ўваходзяць наяўныя, тэрміновыя і нетэрміновыя дэпазіты ў розных валютах, каштоўныя паперы. Асноўны склад грашовай масы – наяўныя грошы і дэпазіты фізічных і юрыдычных асобаў у розных валютах, у тым ліку і беларускіх рублях. І цяпер назіраецца рост наяўных грошай у абароце. Але што да агульнай, сукупнай грашовай масы, якая ўлучае і валютныя, і беларускія дэпазіты, то там рост не вельмі вялікі.

«Калі ж аналізаваць рызыкі для інфляцыі, то трэба разглядаць сітуацыю агулам. Грашовая маса цяпер расце не так хутка. Наяўныя складаюць не самую вялікую частку грашовай масы. Так, наяўных стала больш. І гэта інфляцыйная рызыка, паколькі, з аднаго боку, гэта высокаліквідныя рэсурсы. Тыя ж дэпазіты, нават тэрміновыя, іх спачатку трэба зняць з банку, і толькі пасля гэтага будзе магчымасць расплочвацца імі. Але ў нас даволі вялікая доля неадклікальных дэпазітаў. Таму калі ў нас здараецца нейкая нервовая сітуацыі на фінансавым рынку, то скарыстацца неадклікальнымі дэпазітамі немагчыма. Наяўнымі ж можна скарыстацца ў любы момант».

Настасся Лузгіна. Дацэнтка, кандыдатка эканамічных навук, старэйшая навуковая працаўніца Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC. Варшава, Польшча. 15 лістапада 2022 года.
Фота: ТК / Белсат

Таксама рост гатоўкі ўяўляе небяспеку для пашырэння так званай шэрай эканомікі. Таму што адсачыць, якім чынам выдаткоўваюцца наяўныя грошы, немагчыма. Таму дзяржава імкнецца мінімізаваць колькасць наяўных грошай. Варта падкрэсліць, што калі мы кажам пра рост аб’ёму наяўных, то гэтыя грошы канцэнтруюцца ў руках фізічных асобаў, але не прадпрыемстваў.

«А гэта можа быць звязана таксама і з тым, што інфляцыя запавольваецца, няма магчымасці інвеставаць грошы, бо стаўкі на дэпазітах цяпер невысокія. Таксама варта ўлічваць, што ў Беларусі не заўсёды добра працуюць банкавыя карткі, не заўсёды праходзяць плацяжы за мяжой, на замежных пляцоўках. Гэта зніжае выгады безнаяўных плацяжоў і прыводзіць да таго, што людзі пачынаюць больш карыстацца наяўнымі грашыма. Часам жа здараюцца збоі нават і ў крамах у Беларусі».

Усё гэта ў сукупнасці прыводзіць да таго, што колькасць гатоўкі на руках грамадзянаў павялічваецца, тлумачыць экспертка.

Hавiны
«Самалёт з еўрамі не завязеш». Эксперт апавёў, што будзе з еўрапейскай валютай у Беларусі
2023.07.16 11:12

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў