«Space X» запланавала на 17 красавіка выпрабаванні звышцяжкай ракеты «Super Heavy»


Амерыканскі вытворца касмічнай тэхнікі «Space X» запланаваў на 17 красавіка выпрабаванні звышцяжкай ракеты «Super Heavy» і касмічнага карабля «Starship». Аб гэтым амерыканская кампанія напісала ў сваім Twitter.

Ракета «Super Heavy» з караблём «Starship» на стартавай пазіцыі.
Фота: «Space X» / Twitter / SpaceX

Амерыканская кампанія – вытворца касмічнай тэхнікі «Space X» паведаміла аб планах правесці 17 красавіка выпрабаванне звышцяжкай ракеты ракеты-носьбіта «Super Heavy» і поўнасцю інтэграванага касмічнага карабля «Starship». Паводле паведамленняў, вакно магчымасцяў для пуску адкрыецца з 7 гадзін па цэнтральным часе (15 гадзін па менскім часе).

Паведамляецца таксама, што каманды завяршылі канчатковыя праверкі перад першай спробай лётных выпрабаванняў, метэаўмовы спрыяюць, але вядуцца назіранні за хуткасцю ветру.

Ракета з новым касмічным караблём ужо ўсталяваны на стартавай пляцоўцы ў амерыканскім штаце Тэхас. Плануецца, што комплекс узляціць з касмадрому «Boca Chica», зробіць адзін віток вакол Зямлі і затым выканае кіраванае прывадненне ў Ціхім акіяне ў раёне Гавайскіх выспаў.

Кампанія адзначае, што гэта будуць першыя паўнаважкія выпрабаванні інтэграванага комплексу, які складаецца з двухступеністай звышцяжкай ракеты-носьбіта і касмічнага карабля, разлічаных для эканамічнай дастаўкі людзей і грузаў на арбіты рознага віду, у тым ліку для міжпланетных палётаў на Месяц і Марс. Кампанія «Space X» належыць мільярдэру Ілану Маску.

Паводле адкрытых інтэрнэт-крыніц, поўная ўзлётная маса комплексу «Super Heavy – Starship» вышынёй 120 метраў будзе дасягаць 5000 тон, што роўна вазе 600 гружаных чыгуначных вагонаў. Папярэдні рэкорд належаў сістэме «Сатурн V – Апалон» з масай 2900 тон, якая ў 1969 годзе адправіла чалавека на Месяц. Паднімаць новую звышцяжкую ракету будуць 33 рухавікі «Raptor».

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў