МЗС краінаў «Вялікай сямёркі» асудзілі размяшчэнне ядравай зброі ў Беларусі


Удзельнікі сустрэчы міністраў замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі» (G7), якая прайшла ў японскім горадзе Каруідзава, асудзілі размяшчэнне расейскай ядравай зброі ў Беларусі. Аб гэтым паведамляе МЗС Японіі.

Сустрэча міністраў замежных справаў Групы сямі ў Каруідзаве, Японія.
Фота: МЗС Японіі / mofa.go.jp

17 красавіка ў Японіі прайшло паседжанне міністраў замежных справаў краінаў Групы сямі, у якой таксама ўзяў удзел намеснік генеральнага сакратара ў палітычных пытаннях Еўрапейскай службы замежнапалітычнай дзейнасці. Сесію пад назваю «Украіна» правёў кіраўнік МЗС Японіі Ёсімаса Хаясі (Yoshimasa Hayashi).

Удзельнікі паседжання абмеркавалі сітуацыю ва Украіне, даўшы ацэнку цяперашняму стану і перспектывам на будучыню. Ёсімаса Хаясі заявіў, што ва ўмовах працяглай вайны «важна захоўваць адзінства сярод краінаў «Вялікай сямёркі» і іншых краінаў-аднадумцаў, працягваць жорсткія санкцыі супраць Расеі і актыўнае падтрыманне Украіны, а таксама ўмацоўваць супрацу з іншымі краінамі, у тым ліку з так званым Глабальным Поўднем».

Паводле звестак МЗС, Японія на сённяшні дзень абвясціла аб адпаведнай дапамозе Украіне, суседнім і іншым краінам на суму $ 7,6 млрд.

Акрамя таго, міністр замежных справаў Японіі заявіў, што «захады супраць ухілення ад санкцыяў і іх абыходу, а таксама перадача зброі трэцімі бакамі ў Расею ёсць важнымі пытаннямі», і асудзіў рашэнне Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядравай зброі ў Беларусі, што «яшчэ больш узмоцніць напружанасць сітуацыі».

На дадатак да асуджэння заявы Пуціна аб размяшчэнні тактычнай ядравай зброі ў Беларусі, міністры замежных справаў Групы сямі пацвердзілі «непрымальнасць безадказнай ядравай рыторыкі Расеі». Акрамя таго, яны пагадзіліся ўзмацніць каардынацыю, каб перадухіліць ухіленне ад санкцыяў і перадачу зброі ў Расею трэцімі бакамі, а таксама для рэагавання на гэта.

Паведамляецца таксама, што міністры замежных справаў краінаў «Вялікай сямёркі» пацвердзілі, што яны па-ранейшаму адданыя ўзмацненню, поўнай каардынацыі і забеспячэнню захавання санкцыяў супраць Расеі, а таксама працягу рашучага падтрымання Украіны. Яны падкрэслілі, што Расея павінна неадкладна і безумоўна вывесці ўсе сілы і тэхніку з Украіны.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў