Расейцы занялі Мірнае, а таксама прасунуліся на іншых участках. Што вядома?


«Белсат» падводзіць вынікі 753-х содняў поўнамаштабнай вайны, распачатай Расеяй ва Украіне. Пра галоўныя падзеі станам на вечар 17 сакавіка чытайце ў нашым аглядзе. 

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Аўтамабілі пашкоджаныя пасля ўкраінскага абстрэлу Белгарада, Расія, 17 сакавіка 2024 года. Фота Abaca Press / Forum

Сіверскі і слабажанскі кірункі (на паўночнай мяжы Украіны з РФ)

У Міністэрстве абароны РФ заявілі пра чарговыя няўдалыя спробы праўкраінскіх сілаў зайсці на тэрыторыю Белгародскай вобласці ў ваколіцах сяла Казінка.

Тэлеграм-канал «Белорусский силовик» піша, што населены пункт застаецца пад агнявым кантролем ЗСУ. Адначасова з гэтым да мяжы падцягваюцца новыя сілы, што сведчыць пра магчымасць паўторных атак цягам наступных некалькіх дзён.

Іншая прарасейская крыніца – «Старший Пограннаряда» – паведамляе, што сутыкненні адбываюцца і ў ваколіцах сяла Спадарушына на Белгародчыне.

У сваю чаргу ў Генеральным штабе Збройных сілаў Украіны заявілі пра дзве няўдалыя спробы дыверсійна-выведных групаў праціўніка пранікнуць на тэрыторыю сёлаў Старая Гута і Брускі ў Сумскай вобласці.

Купянскі і ліманскі кірункі (паўночна-ўсходняя частка Харкаўскай вобласці, захад Луганскай і поўнач Данецкай)

Расейскае камандаванне фіксуе тры безвыніковыя спробы праціўніка контратакаваць у ваколіцах сяла Сынькоўка ў Купянскім раёне Харкаўскай вобласці.

Праўкраінскі тэлеграм-канал «Говорять Снайпер» адзначае, што адначасова з контратакамі ЗСУ намагаюцца загадзя выяўляць штурмавыя групы расейцаў, якія знішчаюцца ўдарамі БпЛА.

На ліманскім кірунку войскі РФ атакавалі каля Белагораўкі на Луганшчыне, але поспеху не дасягнулі.

Тэлеграм-канал «Офіцер» паведамляе, што за апошні час удалося стабілізаваць сітуацыю на гэтым участку фронту, але яна ўсё адно застаецца складанай, што ў першую чаргу тлумачыцца асаблівасцямі мясцовасці.

Агулам на абодвух кірунках назіраецца зніжэнне наступальнай актыўнасці войскаў РФ, што звязваецца з правядзеннем ратацыі.

Бахмуцкі кірунак (лінія фронту ў ваколіцах аднайменнага гораду ў Данецкай вобласці)

На бахмуцкім кірунку баявыя дзеянні лакалізуюцца на захадзе і поўдні ад аднайменнага раённага цэнтру.

Расейскі ваенкор Сямён Пегаў гаворыць, што УС РФ атакуюць у ваколіцах сяла Багданаўка, але поспеху не маюць.

Генштаб ЗСУ паведамляе пра пяць адбітых атак праціўніка ў ваколіцах сёлаў Іванаўскае і Клішчыеўка, а таксама на ўсходзе ад гораду Часаў Яр.

«Говорять Снайпер» удакладняе, што войскі РФ крыху прасунуліся ў Іванаўскім, але агулам сітуацыя застаецца пад кантролем украінцаў. Нагадаем, пад кантролем ЗСУ застаецца заходняя частка сяла.

Аўдзееўскі кірунак (на поўначы ад Данецку)

На аўдзееўскім кірунку баявыя дзеянні ідуць з захаду ад аднайменнага гораду.

Украінскі бок фіксуе 11 безвыніковых атак праціўніка каля населеных пунктаў Бэрдычы, Арлоўка, Первамайскае і Невельскае.

Між тым аналітыкі праекту Deepstate гавораць, што расейцы прасунуліся ў Бэрдычах і Арлоўцы.

«Говорять Снайпер» піша, што УС РФ прасунуліся на паўднёвым усходзе ад Арлоўкі да мясцовай дамбы. Але, паводле крыніцы, поспехі расейцам даюцца цаной вялізных стратаў, таму яны вымушаныя рэгулярна падцягваць свежыя сілы.

Прарасейскі тэлеграм-канал «Рыбарь» мяркуе, што Арлоўка можа быць пад поўным кантролем УС РФ.

Пегаў сцвярджае, што таксама расейцы прасунуліся ў Танэнькім. Такім чынам, на думку ваенкора, войскі РФ паступова выціскаюць праціўніка ў суседняе сяло Сямёнаўка.

Навапаўлаўскі кірунак (ліні фронту на захадзе і поўдні ад Данецку)

Па інфармацыі ўкраінскага камандавання, на навапаўлаўскім кірунку цягам апошніх содняў сілы абароны краіны адбілі не менш за 28 атак праціўніка ў ваколіцах населеных пунктаў Краснагораўка, Георгіеўка, Новаміхайлаўка, а таксама на ўсходзе ад сяла Вадзяное.

Самыя ЗСУ контратакуюць, імкнучыся адкінуць праціўніка. Зменаў лініі фронту не зафіксавана.

Арэхаўскі і херсонскі кірункі (лінія фронту на захадзе Данецкай, у Запарожскай і Херсонскай вобласцях)

У Мінабароны РФ заявілі пра захоп сяла Мірнае ў Запарожскай вобласці (на паўднёвым захадзе ад гораду Гуляйполе).

Прарасейскі тэлеграм-канал «Воин DV» піша, што ўкраінцы намагаліся адбіць населены пункт, але поспеху не мелі.

Гэты ўчастак фронту працяглы час заставаўся статычным. «Рыбарь» мяркуе, што такім чынам УС РФ намагаюцца адцягнуць рэзервы праціўніка з ваколіцаў горада Арэхаў, дзе цяпер ЗСУ актыўна контратакуюць.

Пад самім Арэхавам, паводле Генштабу ЗСУ, расейцы чатыры разы атакавалі каля сяла Работына і на паўночным захадзе ад Вэрбовага, але прасунуцца не здолелі.

Разам з тым ваенкор Пегаў сцвярджае, што з поўначы ад апошняга населенага пункту войскі РФ дасягнулі невялікіх поспехаў.

У Херсонскай вобласці баі лакалізуюцца на левым беразе Дняпра, дзе ЗСУ кантралююць некалькі невялікіх плацдармаў. Пакуль расейцам не ўдаецца выбіць сілы абароны Украіны.

Тэлеграм-канал «Офіцер» звяртае ўвагу на праблемы з лагістыкай у ЗСУ: найбольшая колькасць стратаў ідзе падчас пераправы цераз Дняпро, а параненым на пазіцыях часцяком даводзіцца чакаць эвакуацыі тыднямі.

На іншых участках фронту адзначаюцца лакальныя пазіцыйныя баі, а таксама артылерыйскія абстрэлы ўздоўж лініі сутыкнення.

Ва ўмовах актыўных баявых дзеянняў журналісты не маюць магчымасці аператыўна правяраць афіцыйныя паведамленні ўдзельнікаў вайны.

Наталля Кулыгіна belsat.eu 

Стужка навінаў