Беларускія гігіеністы знайшлі зашмат цвілі ў папулярнай расейскай гарбаце


Рэспубліканскі цэнтр гігіены, эпідэміялогіі і грамадскага здароўя паведаміў пра выняцце з продажу цэлага шэрагу харчовых прадуктаў, якія ў выніку праверак прызнаныя небяспечнымі для людзей.

Гарбата «Принцесса Гита».
Фота: market.yandex.by

У спіс небяспечных тавараў трапілі пакетаваныя гарбаты «Принцесса Канди» і «Принцесса Гита» вытворчасці расейскага ТАА «ОРИМИІ». У іх перавышанае дапушчальнае значэнне мікрабіялагічнага паказніка «цвіль».

Таксама зашмат цвілі выяўлена ў фініках з Ірану, міндалі з Літвы, у грэцкіх арэхах з Кітаю і РФ, сушаным вінаградзе з Узбекістану.

У расейскіх шакаладных вафлях «Благодарушка» знайшлі сарбінавую кіслату, у казінаках расейскіх фабрык ТАА «Тимоша» і ТАА «Азоўская кандытарская фабрыка» было перавышэнне кадмію. А на паверхні кавалкаў печані траскі ад ТАА «СП «Союзрыба» ляжалі лічынкі паразітаў.

У напоях і печыве вытворчасці ТАА «Наргиле», ТАА «НПО Спортивные Технологии» і ТАА «ПК «Акульчев» знайшлі бензойную кіслату.

Апроч таго, забаронены продаж цукатаў з кумквата (Кітай) і папаі (Тайланд), дзе былі фарбавальнікі, не заяўленыя ў маркіроўцы. А ў фініках з Тунісу ды сумесях з агародніны з Польшчы і Расеі знайшлі бактэрыі групы кішачнай палачкі.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў