У сельскай гаспадарцы Беларусі стала ўдвая больш стратных арганізацыяў


Колькасць стратных арганізацыяў у сельскай гаспадарцы Беларусі за 2023 год павялічылася амаль у два разы. Пра гэта ў інтэрв’ю «Сельскай газете» заявіла намесніца міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Ала Ламакіна.

Трактар раскідвае на полі даламітавую муку. Крупскі раён, Беларусь. 14 верасня 2021 года.
Фота: Белсат

Чыноўніца адзначыла, што па выніках 2023 года ў сельскай гаспадарцы было 78 стратных арганізацыяў супраць 42-х па выніках папярэдняга года. Паводле Алы Ламакінай, у гэтым год быў «нетыповым», бо за апошнія сем гадоў назіралася ўстойлівая тэндэнцыя зніжэння колькасці стратных сельгасарганізацыяў (у 2015 годзе такіх было 492). Праўда, колькасць стратных прадпрыемстваў у сельскай гаспадарцы зніжалася адміністратыўнымі метадамі: іх далучалі да эфектыўных ці проста прадавалі.

Цяпер жа прычынамі росту колькасці стратных прадпрыемстваў намесніца міністра назвала змяненні кан’юнктуры вонкавых рынкаў, якія прывялі да зніжэння закупачных цэнаў, росту цэнаў на рэсурсы, крэдытнай нагрузцы, скарачэння абʼёму вытворчасці збожжавых і зернебабовых культур. Таксама яна адзначыла неспрыяльныя агракліматычныя ўмовы і недастатковую працу кадраў.

Рост колькасці стратных арганізацыяў адбыўся нават нягледзячы на істотнае павелічэнне дзяржаўнага падтрымання ў 2023 годзе адносна 2022-га – на 29 %, або на 900 мільёнаў рублёў.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў