«Люблю прыехаць на плошчу Пераменаў. І там пастаянна бусікі». Стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі пра жыццё пад наглядам


Замаляванае графіці на плошчы Пераменаў у Менску. 18 лютага 2021 года.
Фота: Белсат

«Белсат» пагутарыў з Вольгай Кучарэнкай, стрыечнай сястрой Рамана Бандарэнкі, пра змены ў жыцці пасля трагедыі, а таксама пра тое, як гэта ўвесь час жыць пад наглядам спецслужбаў.

Даведка

11 лістапада 2020 году 31-гадовы Раман Бандарэнка выйшаў ва двор, каб разабрацца ў тым, што адбываецца, і высветліць, навошта невядомыя людзі зразаюць бел-чырвона-белыя стужкі. Бандарэнку скруцілі і завалаклі ў мікрааўтобус, які, імаверна, належаў СОБРу. Менавіта байцы СОБРу, паводле «ByPol», нанеслі Бандарэнку смяротныя траўмы. Яго даставілі ў Цэнтральны РУУС ужо ў непрытомным стане, адтуль Рамана забрала «хуткая». 12 лістапада 2020 года ў рэанімацыі шпіталю хуткай дапамогі ў Менску ён памёр.

– Які ціск на вашу сямʼю аказваўся пасля смерці Рамана?

– На дзяржаўным тэлебачанні выйшаў сюжэт Азаронка, на СТВ, са злітымі нашымі асабістымі званкамі. І такім чынам былі выбудаваныя гэтыя званкі, што размова не падавалася ў такім кантэксце, у якім яна вялася. Асноўны пасыл атрымліваўся такі, што мы не хочам забіраць цела. Натуральна, гэта была няпраўда. Было вельмі непрыемна. Мы падавалі заяву на ўзбуджэнне крымінальнай справы супраць Азаронка. Нам прыйшоў адказ з гэтай нагоды. Напэўна, ён нічога такога супрацьпраўнага не здзейсніў. Да маёй мамы прыходзілі на працу і простым тэкстам казалі, што пахаванне мусіць адбыцца ў будны дзень, а не ў выходны. Бо ў выходныя, як мы памятаем, у нас праходзілі маршы. І яны, мабыць, баяліся, каб пад гэтым лозунгам не быў зладжаны марш.

Вольга Кучарэнка, стрыечная сястра Рамана Бандарэнкі.
Фота: Белсат

– Вы сказалі, што за вамі сачылі. Як вы гэта зразумелі? Якія выпадкі былі?

– Да самага пахавання Ромы за намі пільна сачылі і праслухоўвалі нас. Псіхалагічна ціснула на нас вонкавае назіранне. І машыны, і людзі пастаянна ўсюды, у прыбіральні, у кавярні, у крамах, у апранальнях. Яны пастаянна прысутнічалі. Гэта не адчувалі, гэта бачылі. Я нават эксперыменты ставіла, як іх вылічаць. У мяне была ўжо вывераная свая методыка. Гэта значыць, едзеш па кальцавой, скідаеш хуткасць, і яны за табой едуць, таксама скідаюць хуткасць. Потым разумеюць, што ўжо па кальцавой 40 км/г неяк не вельмі добра, і яны пачынаюць набіраць хуткасць. Пры тым яны едуць не за мной па паласе, а па суседняй паласе. І як бы сэнс скідаць хуткасць, калі я ім ніяк не замінаю. Ну, і шмат у мяне як бы было такіх прыёмчыкаў.

– Як думаеце, хто сачыў за вамі?

– Шчыра кажучы, не зразумела, хто гэта быў. Мяркую, што ў нас такім можа займацца КДБ. Мне здаецца, прыватныя асобы наўрад ці наогул неяк у гэтым зацікаўленыя і могуць валодаць такімі рэсурсамі. Бо і людзей было вельмі шмат, і машын было шмат.

Мы часам а другой-трэцяй гадзіне ночы заканчваем свае справы, прыязджаем дадому і разумеем, што мы не можам трапіць у падʼезд, бо падʼезд ахоўваюць. І не толькі падʼезд, а наогул па двары расстаўленыя чалавек дзесяць а другой-трэцяй гадзіне ночы. Некалькі сядзяць у машыне, некалькі стаяць на вуліцы. Зіма, холадна, а яны стаяць і проста назіраюць. І мы проста не можам трапіць дадому, бо мы не разумеем, што гэта за людзі. Мы разумеем, што забілі Рому, гэта забойства. Гэта факт. І хто гэтыя забойцы, мы не разумеем, а раптам гэта яны нейкім чынам хочуць на нас паўплываць. Натуральна, мы баімся пайсці ім насустрач, зайсці ў падʼезд, а раптам з намі нешта зробяць.

Развітанне з Раманам Бандарэнкам ў царкве Ўваскрасеньня Хрыстовага. Менск, Беларусь. 20 лістапада 2020 году.
Фота: Белсат

– Цяпер на сямʼю аказваецца ціск? Заўважаеце сачэнне?

– Яны наогул прамы ціск як бы не аказваюць. Выкажам здагадку. На Радаўніцу недалёка ад магілы Ромы дзяжурылі каля 15 міліцыянтаў. Ні каля адной магілы столькі не дзяжурыла. І наогул на могілках не дзяжураць міліцыянты. Там толькі даішнікі рэгулююць рух, бо звычайна натоўп. А тут проста міліцыянты стаялі назіралі. Калі я стала і проста на іх пачала глядзець, яны натоўпам вырашылі пайсці пагуляць па квартале, потым назад вярнуліся ізноў назіраюць за магілай.

Я люблю 12-га прыехаць на плошчу Пераменаў, проста пажурыцца пра тое, што адбылося. І там пастаянна дзяжураць бусікі, пастаянна дзяжураць ціхары. І ты разумееш, што гэтае месца, звычайная дзіцячая дваровая пляцоўка, ахоўваецца ціхарамі, АМАПам.

Артыкулы
«Людзі чакаюць часу, калі зноў пра сябе заявяць». Фатограф з плошчы Пераменаў – пра культавае месца і што там цяпер
2021.08.28 16:48

АМ belsat.eu

Стужка навінаў