Беларуская аплікацыя пра надвор’е намінаваная на высокую ўзнагароду сярод стартапаў


«Rainbow Weather» – так называецца праграма, створаная беларусамі Юрыем Мельнічкам і Аляксандрам Матвеенкам, якая трапіла ў шорт-ліст «Golden Kitty Awards 2023» прэміі «Product Hunt» у катэгорыі «Мабільная аплікацыя».

Плакат Golden Kitty Awards.
Фота: Golden Kitty Awards

«Rainbow Weather», заснаваная на штучным інтэлекце, збірае інфармацыю з больш як тысячы метэарадараў па ўсім свеце і здольная скласці прагноз надвор’я цягам дзесяці хвілінаў, у той час як аплікацыі іншых распрацоўнікаў робяць гэта некалькі гадзінаў.

Як заяўляюць самі стваральнікі, дакладнасць прагнозаў «Rainbow Weather» апярэдзіла аплікацыі ад «Apple» і «AccuWeather», што ў сучасных умовах вельмі важны фактар, бо магчымасць прадказання пагрозы ад катаклізмаў хаця б за 24 гадзіны можа скараціць нанесеныя страты на 30 %.

У сувязі з гэтым інвестары ўклалі ў «Rainbow Weather» амаль 1,5 мільёна долараў. Сярод інвестараў стартапу такія кампаніі, як «Kolos Ventures», «Verras Capital» і «Melnichek Investments».

Праграма «Rainbow Weather». Крыніца: hackernoon.com

Цяпер праграму спампавалі ўжо больш за паўмільёна разоў на iOS i Android.

Конкурс «Golden Kitty Awards» часам называюць своеасаблівым «Оскарам» для стартапаў. Прадукты, зробленыя беларусамі, ужо станавіліся яго пераможцамі. Так, у 2019 годзе імі былі ажно тры стартапы: «RocketBody» стаў найлепшым у раздзеле «Здароўе і фітнес», стартап OneSoil, які займаецца стварэннем платформы для «разумнага» рольніцтва, перамог у катэгорыі «ШІ і машыннае навучанне», а праграма для прымервання лаку для пазногцяў «Wanna Nails» атрымала перамогу ў катэгорыі «Дапоўненая рэальнасць».

Раман Шавель belsat.eu

Стужка навінаў