Аляксей Арэстовіч падаў у адстаўку


Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч напісаў заяву аб звальненні. Дакумент ён апублікаваў на сваёй старонцы ў Facebook.

Аляксей Арэстовіч адзначыў, што тым самым «жадае паказаць прыклад цывілізаваных паводзінаў».

«Прынцыповая памылка, значыць, у адстаўку», – напісаў Арэстовіч.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны апынуўся ў цэнтры скандалу пасля заявы пра тое, што ракета на жылы дом у Дняпры ўпала пасля таго, як яе збілі ўкраінскія сілы СПА. Гэта зняпраўдзіў камандуючы паветранымі сіламі ЗСУ Мікола Алэшчук. Ён паведаміў, што ў шматпавярховік трапіла крылатая ракета Х-22, а «ў ЗСУ няма агнявых сродкаў, здольных збіваць гэты тып ракетаў».

«Ад пачатку ваеннай агрэсіі Расеі па тэрыторыі Украіны было выпушчана больш за 210 ракетаў гэтага тыпу. Ніводная не збітая сродкамі супрацьпаветранай абароны», – паведаміў генерал-лейтэнант Алэшчук.

Пазней Арэстовіч прызнаў памылку, растлумачыўшы, што даваў інтэрв’ю «радыкальна стомленым», і папрасіў прабачэння за яе.

Пасля словаў Арэстовіча мэр Дняпра Барыс Філатаў заклікаў СБУ правесці правяранне, а дэпутат Вярхоўнай Рады Аляксей Ганчарэнка распачаў збор подпісаў за звальненне дарадцы.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў