Перамога кампаніі «Стоп Бульбаш»: Слуцкі хлебазавод зняў хлеб з такой назвай з вытворчасці


Слуцкі хлебазавод усё часцей ужывае беларускую мову на этыкетках на новых відах прадукцыі, а хлеб «Бульбаш» зняў з вытворчасці, распавёў на сваёй старонцы ў Фэйсбуку «моўны інспектар», актывіст Ігар Случак. У 2018 годзе яны разам з жонкай Алінай Нагорнай распачалі кампанію «Стоп Бульбаш».

Хлеб «Бульбаш».
Фота: slhleb.by

«Бульбаш – усё! Бывае, каб атрымаць добры вынік, патрэбна даволі шмат часу і высілкаў. І гэта нават хутчэй правіла, чым выключэнне», – піша Ігар Случак у Фэйсбуку і распавядае далей перадгісторыю перамогі.

Хлеб «Бульбаш» выпускаўся Слуцкім хлебазаводам з 2007 году і, па словах самога заводу, лічыўся яго ці не галоўным брэндам, які перамагаў на розных конкурсах.

У 2018 годзе Ігар Случак і Аліна Нагорная, вядомыя сваім змаганнем за беларусізацыю беларускіх бізнесаў і паслугаў, заснавальнікі ініцыятывы «Ўмовы для мовы», пачалі кампанію «Стоп Бульбаш» як супраць самога абразлівага слова бульбаш, так і супраць літары Ъ, на беларускіх шыльдах і этыкетках.

«Менавіта супраць хлеба мы тады збіралі подпісы случакоў і падавалі калектыўны зварот. Тады хлебазавод ад меркавання людзей адмахнуўся і прыбіраць абразлівую назву з пакунка хлеба не стаў, – распавядае Ігар. – Але мы не пакінулі гэтую справу і працягвалі не толькі выбіваць бульбаша з асартыменту заводу, але і беларусізаваць Слуцкі хлебазавод – беларускай мовы на яго этыкетках не было».

Дамагчыся выніку атрымалася праз 5 гадоў.

«Сканчаецца 2023 год і мы маем калядныя падарункі – беларуская мова на новых відах прадукцыі Слуцкага хлебазаводу з’яўляецца ці не кожны квартал, а хлеб «Бульбаш» нарэшце зняты з вытворчасці. Вялікая, доўгая і нецікавая праца, але вынік апраўдвае ўсё – абароненая беларуская мова і нацыянальная годнасць беларусаў», – рэзюмуе Ігар Случак.

Ігар Случак і Аліна Нагорная да апошняга заставаліся ў Беларусі і хаваліся ад пераследу. Аднак пасля таго, як іхныя акаўнты ў сацсетках «Наша мова» і «Нашая мова» былі прызнаныя экстрэмісцкімі матэрыяламі, з’ехалі з краіны і цяпер жывуць у Літве. Выхоўваюць дваіх дзяцей. Аліна Нагорная – аўтарка кнігі «Мова 404» пра дыскрымінацыю беларускай мовы.

Інтэрв’ю
«Беларуская мова ў Беларусі шмат у чым як замежная». Аліна Нагорная і Ігар Случак аб працы, шпіёнах і планах
2023.11.01 16:23

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў