news
Рэпартаж
Паказаць твары беларускіх палітвязняў. Кранальная выстава ў Варшаве
«Гэта нашая форма барацьбы».
16.11.202310:38

14 лістапада ў сядзібе Таварыства вольнага слова ў Варшаве адбылося адкрыццё выставы партрэтаў беларускіх палітвязняў. Іх аўтарка Ксіша Анёлава паставіла перад сабою задачу задакументаваць злачынствы рэжыму Аляксандра Лукашэнкі, які трымае за кратамі 1500 палітычных апанентаў.

anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

Манументальны цыкл як архіў рэпрэсіяў

Паводле мастачкі, серыя складаецца з больш чым 700 карцінаў. Кожны дзень яна стварае адну-дзве новыя, таму што ейная місія – паказаць усіх палітвязняў.

«Але яны [службы рэжыму. – Заўв. belsat.eu] працуюць хутчэй, таму што колькасць [рэпрэсаваных. – Заўв. belsat.eu] пастаянна расце. Гэта нашая форма барацьбы. Аляксандра Лукашэнку гэта не знішчыць, але калі ён паспрабуе гэта адмаўляць і казаць, што ў Беларусі няма палітвязняў, доказам будуць гэтыя партрэты, увесь архіў», – заявіла Ксенія Ангелава, якая таксама выкарыстоўвае мастацкі псеўданім Ксіша Анёлава (Xisha Angelova).

anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Ксіша Анёлава на адкрыцці выставы партрэтаў беларускіх палітвязняў. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

Першыя карціны серыі яна падпісвала імем свайго прадзеда Ніканора Казіміравіча Ярашэвіча, першага рэктара Беларускага політэхнічнага інстытуту (1920–1922). Савецкія ўлады забілі яго ў 1937 годзе падчас Вялікага тэрору.

«Спіс пад назвай «Беларуская мартыралогія» быў ужо створаны раней. Гэта быў пералік прызначаных да расстрэлу без суда. Прозвішча майго прадзеда, на літару Я, было апошнім. Спадзяюся, гісторыя не паўторыцца такім чынам».

Вялікі тэрор вярнуўся ў Беларусь

Пасля аўтаркі па-польску выступіў намеснік старшыні Аб’яднанага пераходнага кабінету беларускіх дэмакратычных сілаў Павел Латушка. Ён сказаў, што партрэты, прэзентаваныя ў Варшаве, паказваюць толькі частку з тысячаў ахвяр рэжыму Лукашэнкі – цяпер у ізалятарах і калоніях застаюцца 1454 асобы, але кожны дзень некалькі беларусаў вызваляюць, а іншых арыштоўваюць або асуджаюць.

łatuszka anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Павел Латушка перад партрэтам журналісткі «Белсату» Кацярыны Андрэевай. Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

«Такімі метадамі Лукашэнка спрабуе схіліць беларускі народ да саступак. Падпарадкаваць яго волі злачынцы, волі чалавека, які не мае права называць сябе прэзідэнтам Беларусі, не мае права кіраваць Беларуссю», – лічыць ён.

Латушка падкрэсліў, што гэта трагедыя не толькі палітвязняў і іхных сем’яў, але і ўсяго беларускага грамадства. Паводле прыведзеных ім звестак, з траўня 2020 да траўня 2023 года ахвярамі розных формаў рэпрэсіяў зрабіліся 136 тысяч грамадзянаў, большасць з якіх была вымушаная эміграваць семʼямі, у тым ліку ў Польшчу. Латушка таксама лічыць, што рэжым імкнецца да ліквідацыі беларускай нацыі і дзяржаўнасці, каб далучыць Беларусь да Расеі.

«Гэта адбылося таму, што дэкамунізацыі ў Беларусі ў 1990-я гады не было. Таму спадарыня Ксенія мае рацыю, што ў Беларусь вярнуліся 1930-я гады», – сказаў ён, маючы на ўвазе часы Вялікага тэрору Іосіфа Сталіна.

anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Самыя неабходныя прадметы побыту ў беларускай турме. Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

На думку палітыка, беларусы мусяць адказваць на рэпрэсіі змаганнем, бо «за іх гэтага ніхто не зробіць», але без падтрымання партнёраў і міжнароднай супольнасці дэмакратычныя сілы не справяцца.

Ён таксама падзякаваў за выставачную прастору Таварыству вольнага слова, сярод сябраў якога ёсць людзі, якія разумеюць беларускую трагедыю, – былыя палітвязні часоў Польскай Народнай Рэспублікі. Ён таксама выказаў удзячнасць за дапамогу прысутнаму на адкрыцці Артуру Міхальскаму, былому амбасадару Рэспублікі Польшча ў Менску, а цяпер спецпрадстаўніку МЗС Польшчы ў супрацы з дэмакратычнаю Беларуссю.

poczobut anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Партрэт польскага журналіста з Горадні Анджэя Пачобута, які застаецца ў зняволенні з 2021 года. Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

«Вельмі важна, каб гэтую выставу наведала як мага больш людзей. Каб яны паглядзелі ў вочы героям Беларусі, у тым ліку Анджэю Пачобуту, таксама герою Польшчы», – упэўнены Павел Латушка.

Новая старонка ў адносінах нашых народаў

Наступным выступіў Артур Міхальскі, які нагадаў, што апісаныя падзеі адбываюцца ўсяго за 200 кіламетраў ад Варшавы. Паводле дыпламата, усё больш установаў і арганізацыяў у Польшчы супрацоўнічае з пераследаванымі беларусамі.

«У адносінах паміж палякамі і беларусамі мы адкрылі новую старонку. Мы лепш пазнаем адно аднаго, адчуваем, як шмат нас аб’ядноўвае, – сказаў ён, прапанаваўшы выкарыстоўваць ва ўзаемаадносінах нацыянальныя мовы, вельмі блізкія адна да адной. –

Гэта цудоўны досвед, бо аказваецца, што ўсе адно аднаго вельмі добра разумеюць. Можа, не ў першы дзень, але праз тыдзень ужо напэўна».

michalski anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Былы амбасадар Рэспублікі Польшча ў Менску Артур Міхальскі. Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

Ён таксама сказаў, што мала што можна зрабіць для паляпшэння лёсу лукашэнкаўскіх вязняў, хоць Міністэрства замежных справаў Польшчы прымае для гэтага захады. Ён падкрэсліў важнасць салідарнасці з рэпрэсаванымі, сярод якіх ёсць пажылыя, хворыя, бацькі малых дзяцей і адзіныя апекуны інвалідаў.

«Ніякіх выключэнняў з гуманітарных меркаванняў рэжым не робіць», – падкрэсліў ён.

Дыпламат таксама падзякаваў па-беларуску ўсім беларусам, якія змагаюцца за свабоду і правы чалавека. Ён выказаў упэўненасць, што яны ўрэшце перамогуць у супрацьстаянні з рэжымам.

Ад імя гаспадароў, Таварыства вольнага слова, выступіла Эва Галушка, даследніца нацыянальных меншасцяў, актывістка, якая правяла ў няволі год (1982–1983) за дзейнасць у «Салідарнасці».

«Калі я гляджу на гэтыя твары, мне ўспамінаецца нашая гісторыя. Гісторыя людзей зняволеных, пераселеных, людзей, якія адправіліся ў эміграцыю. Шмат хто з нас таксама марыў аб тым, каб убачыць гэтую па-сапраўднаму незалежную Беларусь. Мы за гэта змагаліся з 1980 года», – сказала яна.

Гавораць беларускія палітвязні

Пасля гэтых словаў быў прэзентаваны перформанс «Беларускія палітвязні кажуць», у якім былі паказаныя лёсы канкрэтных асобаў. Мастачка Ксіша Анёлава, дыпламат Артур Міхальскі, сябра Таварыства вольнага слова Эва Галушка, дырэктар «Белсату» Агнешка Рамашэўская-Гузы, беларускі святар-уцякач Вячаслаў Барок далі свае галасы палітвязням, чытаючы іхныя лісты з-за кратаў і выступы ў судзе.

anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Дырэктар тэлеканалу «Белсат» Агнешка Рамашэўская-Гузы чытае ліст палітвязня. Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

«Мы жывем у эпоху перавернутых законаў. Дабро караецца, зло ўслаўляецца, разуменне свабоды звужаецца да межаў уласнай свядомасці. Аднак улада перакрочвае нават гэтыя межы, выкарыстоўваючы артыкул Крымінальнага кодэксу, які кажа пра намер. Я думаю, што такое злачынства існуе ўжо не толькі ў антыўтопіях, але квітнее ў беларускай рэчаіснасці.

Усё будзе добра. Наша вясна ўжо набліжаецца, яна зусім побач» , – напісала праваабаронца з «Вясны» Марфа Рабкова ў цытаваным лісце ад 6 лютага 2022 года.

Прыкладна аб тым жа гаварылі ў сваіх прамовах берасцейская актывістка Паліна Шарэнда-Панасюк, шэф-рэдактарка інфармацыйнай кампаніі БелаПАН Ірына Леўшына, дванаццаць асуджаных у «справе Аўтуховіча», галоўны апанент Лукашэнкі Віктар Бабарыка, грамадзянка Швейцарыі Наталля Хершэ, палітык Мікола Статкевіч, праваабаронца Наста Лойка, арбарыст Сцяпан Латыпаў, кіраўніца выбарчага штабу Віктара Бабарыкі Марыя Калеснікава.

babaryka anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Уверсе трэці злева – Віктар Бабарыка. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

У сядзібе Таварыства на вуліцы Маршалкоўскай таксама згадалі пра 24 асобы, якія былі забітыя ці памерлі ў няволі рэжыму Лукашэнкі пасля фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі. У іх ліку – актывіст з Гарадзенскай вобласці Вітольд Ашурак, мастак Алесь Пушкін і інвалід Мікалай Клімовіч.

Досыць чакання

Адкрыццё адзначылася неабвешчаным выступам спецыяльнага госця, адной з найбуйнейшых зорак беларускага року. Лявон Вольскі, які цяпер у эміграцыі, праспяваў песню «Палон», прысвечаную палітвязням. Перад выкананнем песні «Маё каханне» ён паведаміў па-польску, што цяпер працуе ў Вільні над новым альбомам пад назвай «Лісты палітвязням».

lavon volski anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Легенда беларускага року Лявон Вольскі на адкрыцці выставы партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

Кароткі канцэрт ён завяршыў адным з гімнаў беларускага пратэсту – «Тры чарапахі» свайго былога гурта «N.R.M.». Гэта песня пра любоў да Беларусі, і яе прыпеў кажа, што досыць ужо чакаць, у гэтым кантэксце – змены ўлады ў краіне.

Памятаць і змагацца за іх свабоду

Напрыканцы выступіла Аліна Коўшык, якая займае пасаду прадстаўніцы (міністаркі) у справе нацыянальнага адраджэння ў Аб’яднаным пераходным кабінеце абранай прэзідэнткі Святланы Ціханоўскай. Яна распавяла, што днямі ў Варшаве прайшлі адначасова дзве падзеі, прысвечаныя беларускім палітвязням. Тэатр «Druga Strefa» ў варшаўскім Макотаве паставіў спектакль «Еду ў Магадан» на падставе турэмных дзённікаў беларускага анархіста Ігара Аліневіча. У 2021 годзе суд у Менску паўторна асудзіў яго – на 20 гадоў зняволення за антырэжымную дзейнасць.

kouszyk anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Альтэрнатыўная міністарка культуры і нацыянальнага адраджэння Беларусі Аліна Коўшык. Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

«Самае галоўнае, што мы можам зрабіць для іх цяпер, – гэта памятаць і змагацца за іх свабоду, за нашу агульную свабоду», – сказала прадстаўніца дэмакратычных сілаў, папрасіўшы прысутных рабіць канкрэтныя дзеянні для закладнікаў Лукашэнкі, напрыклад, перадаваць інфармацыю пра лёс рэпрэсаваных або падтрымліваць іхныя семʼі ахвяраваннямі.

Выставу «Беларуская мартыралогія» можна будзе наведаць у сядзібе Таварыства вольнага слова да 10 снежня, калі да гадавіны ўвядзення ваеннага становішча яе пакажуць былым польскім палітвязням.

kalesnikawa anioława wystawa więźniowie polityczni portrety białoruś
Партрэт Марыі Калеснікавай, якая застаецца ў зняволенні з 2020 года. Выстава партрэтаў беларускіх палітвязняў Ксішы Анёлавай. Варшава, 14 лістапада 2023 г.
Фота: Юстына Мур / belsat.eu

«Гэта частка гісторыі, – пракаментавала Эва Галушка, абвяшчаючы аб стварэнні секцыі ўсходніх справаў у Таварыстве. – Свабода Беларусі, незалежна ад палітычных поглядаў, ёсць жыццёва важным пытаннем для нас, палякаў, для Еўропы. Гэта паклон у бок гісторыі вялікай Рэчы Паспалітай многіх народаў».

Тры гады партрэтаў, тры гады за кратамі

Беларуская мастачка пачала маляваць вобразы палітвязняў пасля таго, як у ноч з 11 на 12 лістапада 2020 года беларускія сілавікі забілі на так званай плошчы Пераменаў мастака Рамана Бандарэнку, які ўдзельнічаў у пратэстах. 15 лістапада споўнілася тры гады са дня стыхійнага ўшанавання памяці на месцы ягонай гібелі.

Падчас акцыі былі затрыманыя журналісткі «Белсату» Дар’я Чульцова (пазней асуджаная на 2 гады калоніі) і Кацярына Андрэева (асуджаная спачатку на 2 гады, а потым на 8 гадоў і 3 месяцы калоніі).

Агляд
Беларускі мартыралог. Яны загінулі за часы лукашызму
2023.07.13 08:00

Пётр Яворскі belsat.eu

Фота: Юстына Мур