На МТЗ будуць плаціць па 500 рублёў за кожнага прыведзенага працаўніка


На Менскім трактарным заводзе (МТЗ) уводзяць новае палажэнне, якое мае заахвоціць працаўнікоў прывадзіць працаваць на прадпрыемства новых работнікаў. Кіраўніцтва МТЗ будзе плаціць за кожнага рэкрутаванага супрацоўніка 500 рублёў, паведаміў афіцыйны тэлеграм-канал прадпрыемства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Менскі трактарны завод.
Фота: Белсат

Правіла пачынае дзеяць з 1 снежня 2023 года. На МТЗ патрабуюцца кіроўцы-выпрабавальнікі, зубарэзчыкі, кавалі-штампоўнікі, наладчыкі аўтаматычных лініяў і агрэгатных станкоў, кавальска-прэсавага абсталявання, станкоў з праграмным кіраваннем, а таксама – аператары розных профіляў, слесары, токары, фрэзероўшчыкі, шліфоўнікі ды іншыя спецыялісты.

Галоўная ўмова – каб разрад прыцягнутых на працу быў не ніжэйшы за трэці. Грошы «рэкруцёрам» будуць выплачваць толькі ў выпадку, калі новы работнік адпрацуе на заводзе тры месяцы без аніякіх парушэнняў.

Як заўважае выданне «Аўтабізнес», такі механізм рашэння кадравай праблемы і да гэтага дзеяў на некаторых беларускіх прадпрыемствах. Прыкладам, на Менскім маторным заводзе за кожнага прыцягнутага спецыяліста даюць 600 рублёў: 250 рублёў – адразу, 350 – праз паўгода).

Практыкуецца такое і на Менскім заводзе колавых цягачоў, дзе таксама выплачваюць 500 рублёў за прыведзенага работніка (адразу – 200 рублёў, праз тры месяцы – 300).

Аналітыка
Як санкцыі паўплывалі на заробкі дзяржаўных прадпрыемстваў Беларусі? Лічым у чызбургерах
2023.11.01 12:25

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў