У Пінску гаспадар дому збіў госця, а яму дапамагаў 11-гадовы сын


Гісторыя адбылася ў Пінску яшчэ 5 ліпеня. 33-гадовага мужчыну абвінавачваюць у замаху на забойства двух чалавек, а таксама ў прыцягненні ў злачынства свайго 11-гадовага сына, паведамляе прэс-служба Следчага камітэту.

Скрыншот з відэа: sk.gov.by

Паводле інфармацыі ведамства, 5 ліпеня кампанія мужчын дома распівала спіртное і паміж гаспадаром жылля і яго знаёмымі пачаўся канфлікт. Спачатку гаспадар дому збіў 37-гадовага госця, нанёсшы не менш за 18 удараў па галаве і целе, а пазней да яго далучыўся ягоны сын, які ўдарыў пацярпелага каля 40 разоў.

Пасля мужчына ўзяў пнеўматычную стрэльбу, сын прынёс яму кулі, і з блізкай адлегласці абвінавачаны расстраляў дваіх гасцей. Калі яны страцілі прытомнасць, абвінавачаны выклікаў хуткую. Абодвум пацярпелым былі прычынены цяжкія цялесныя пашкоджанні, небяспечныя для жыцця, з вялікай стратай крыві.

Крыніца:sk.gov.by
Крыніца:sk.gov.by

Мужчына паспрабаваў схаваць сляды злачынства: схаваў стрэльбу і «стаў аказваць псіхалагічны ціск на пацярпелых, каб яны не агучвалі дэталі здарэння».

Крыніца:sk.gov.by
Крыніца:sk.gov.by

Супрацоўнікі міліцыі затрымалі мужчыну, у яго былі канфіскаваныя пнеўматычная стрэльба, куля і запісы з камер відэаназірання, усталяваныя ў доме абвінавачанага, на якіх былі запісаныя збіццё і момант расстрэлу. Абвінавачаны віну не прызнаў і адмовіўся ад дачы паказанняў, супрацьдзейнічаў следству. Таксама ён аказваў ціск на пацярпелых, каб яны давалі паказанні аб тым, што канфлікт адбыўся па іх віне і што яны не маюць да абвінавачанага прэтэнзіяў.

Раней мужчына прыцягваўся да крымінальнай адказнасці. Па сцвярджэнні СК, ён «быў прыхільнікам традыцый бандытаў 90-х гадоў, падтрымліваў цесныя сувязі з прадстаўнікамі крымінальнага свету». «Падзеі, якія адбыліся 5 ліпеня, былі важныя для падтрымання «аўтарытэту», – заявілі ў прэс-службе.

Мужчыну прад’яўлена абвінавачанне па ч. 1 арт. 14 і ч. 2 арт. 139 («Замах на забойства дзвюх асоб, з асаблівай жорсткасцю, групай асоб») і ч. 3 арт. 172 («Уцягванне заведама непаўналетняга ў здзяйсненне асабліва цяжкага злачынства») КК. Ён узяты пад варту. Інфармацыя аб датычнасці да злачынства яго сына накіравана ў «кампетэнтныя органы для прыняцця мер рэагавання».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў