Былы прэм'ер-міністр Вялікай Брытаніі падтрымаў Сяргея Ціханоўскага і іншых беларускіх палітвязняў


Былы прэм’ер-міністр Вялікай Брытаніі Борыс Джонсан запісаў відэа ў падтрымку Сяргея Ціханоўскага і ўсіх беларускіх палітвязняў. Ролік быў апублікаваны ў X (былы Twitter) палітыка.

Святлана Ціханоўская сустрэлася з Борысам Джонсанам. 7 сакавіка 2023 года.
Фота: Офіс Святланы Ціханоўскай

У подпісе да відэа Борыс Джонсан напісаў, што падтрымлівае кампанію Святланы Ціханоўскай па прыцягненні ўвагі да беларускіх палітвязняў. Таксама ён пагадзіўся падтрымаць ейнага мужа Сяргея Ціханоўскага.

«Паколькі ў Беларусі больш за 1500 палітычных зняволеных, я заклікаю іншых далучыцца да мяне ў гэтым акце салідарнасці. Я падтрымліваю адважны народ Беларусі. Жыве Беларусь!», – напісана ў пасце.

На відэа брытанскі палітык кажа наступнае:

«Прывітанне. Я хачу звярнуць вашу ўвагу на лёс аднаго вельмі смелага чалавека – Сяргея Ціханоўскага, які па праве павінен быць зараз абраным лідарам Беларусі. Але замест гэтага ён знаходзіцца ў турме, куды яго кінуў карумпаваны тыран, які кіруе гэтай краінай, – Лукашэнка, сябар Пуціна.

Вы памятаеце, што здарылася ў 2020 годзе? Святлана Ціханоўская, ягоная жонка, удзельнічала ў выбарах замест свайго мужа, і народ Беларусі абраў яе. Але ёй не дазволілі ўступіць у пасаду. Яна вымушана была з’ехаць з краіны. А яе муж Сяргей усё яшчэ ў турме, і яна не атрымлівала ад яго вестак больш за сем месяцаў. Яна не ведае, што з ім.

Гэта абуральнае парушэнне ўсіх асноўных правоў чалавека. Тое, што робяць з Сяргеем Ціханоўскім – ганьба. Давайце ўсё правядзем кампанію за свабоду Сяргея Ціханоўскага і свабоду Беларусі».

Святлана Ціханоўская ўжо падзякавала Борысу Джонсану за падтрымку не толькі ейнага мужа, але і ўсіх беларускіх палітзняволеных. «Мы ўсе павінны быць іх голасам. Кожны дзень нам трэба нагадваць свету аб нашых героях, каб у рэжыму не было магчымасці перавярнуць старонку», – дадала яна.

Таксама Джонсан заявіў, што будзе сімвалічным «хросным» палітзняволенага Сяргея Ціханоўскага.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў