Адчыняецца новае беларускае выдавецтва «Мяне Няма»


Беларускі пісьменнік Павел Анціпаў анансаваў адкрыццё новага выдавецтва «Мяне няма». Афіцыйная аб’ява аб адкрыцці яшчэ наперадзе, але пакуль можна зрабіць прадзамову першай кнігі выдавецтва – «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека» Валянціна Акудовіча.

Кніга Валянціна Акудовіча «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Крыніца: Pavel Antipov / Facebook

Павел Анціпаў расказаў, што даўно хацеў, каб было такое выдавецтва, куды можна было прыйсці і твор бы выдалі хутка. «І не трэба было б чакаць тры гады, ці станавіцца ў чаргу па абрэзкі паперы, якія застануцца пасля друку нобеліята, і не трэба было б самому плаціць за выданне сваёй жа кнігі, а потым самому ж яе і распаўсюджваць. Такім чынам, спадзяюся, у нашым выдавецтве ўсяго гэтага не будзе», – расказаў ён.

«Мы выбралі для выдавецтва назву «Мяне Няма». Самі разумееце, да каго яна адсылае. Мы будзем друкаваць тое, чаго, кажуць, няма – новую беларускую літаратуру. Вядомых ужо пісьменнікаў ды пісьменніц, ці невядомых – не важна. Проста паспрабуем дастаць з «няма» ўсё, на што хопіць сіл. Плануем таксама перавыдаваць кніжкі 2000-2020 гадоў, якія падаюцца нам важнымі і якіх таксама ўжо няма», – кажа беларускі пісьменнік.

Выдавецтва пачынаецца без якіх-небудзь стартавых укладанняў, няма ні спонсараў, ні грантадаўцаў, і таму выдаўцы самі вырашаюць, да каго прыслухоўвацца і што рабіць.

Для старту новая ініцыятыва выбрала перавыданне кнігі беларускага філосафа Валянціна Акудовіча «Мяне няма: роздумы на руінах чалавека». Для яе выдавецтва ўжо ўсё гатова: ёсць згода аўтара, ёсць макет, засталося толькі адправіць яго ў друкарню. Гэтая кніга і дала назву новаму выдавецтву.

«Замовім для вас асобнік у першым тыражы, заадно і падтрымаеце нас. Я нават падпішу для вас гэтыя першыя экзэмпляры ў Акудовіча, калі ўсё будзе добра», – кажа спадар Павел.

Кнігу дашлюць па пошце ў Беларусь і іншыя краіны Еўропы.

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў