Былы футбаліст Кутузаў параўнаў інтэграцыю з Расеяй са шлюбам пад прымусам


Былы футбаліст зборнай Беларусі, які больш за 10 гадоў гуляў у італьянскіх клубах, расказаў у «гісторыях» Instagram пра сваё стаўленне да суверэнітэту і беларускай мовы.

Былы футбаліст Віталь Кутузаў.
Фота: kutuz007 / Instagram

На пытанне пра інтэграцыю з Расеяй Віталь Кутузаў адказаў так:

«Шлюб пад прымусам – гэта вельмі няшчасная гісторыя, а калі ў сям’і яшчэ з’яўляюцца дзеці, то яны становяцца закладнікамі гэтых дачыненняў. Ці патрэбны нам гэты шлюб? Не ведаю. А далей ужо як у жыцці: калі двое маладых людзей хочуць жыць разам, яны бяруць шлюб. Не хочуць – разводзяцца».

На пытанне пра беларускую мову ён адказаў, што вырас на «Бандароўне» – паэме Янкі Купалы 1913 года. Ён назваў беларускую мову цудоўнай і дадаў, што ведае яе вельмі добра, але шкадуе, што беларуская «не папулярная зусім, акрамя глыбінкі».

Віталь Кутузаў – былы нападнік, завершыў кар’еру на полі ў 2012 годзе пасля дыскваліфікацыі за дамоўныя матчы (быў апраўданы ў 2017-м). Правёў сотню матчаў за барысаўскі БАТЭ (у той час тры гады запар яго называлі найлепшым футбалістам году ў чэмпіянаце Беларусі), затым пераехаў у Італію. Там згуляў толькі два матчы за «Мілан», паехаў у Партугалію – на правах арэнды ў лісабонскі «Спортынг» і згуляў за яго 24 матчы, затым вярнуўся ў Італію, гуляў дзясяткі матчаў за «Сампдорыю», «Парму», «Пізу» і «Бары». Гуляў за моладзевую (24 матчы) і дарослую (52 матчы) зборныя Беларусі. Па завяршэнні кар’еры стаў куратарам дзіцячай футбольнай акадэміі ў Менску, заснаваў кампанію інвестыцыяў у спорт.

Нядаўна Кутузаў выказваўся ў падтрымку зняволенага журналіста і футбаліста «Крумкачоў» Аляксандра Івуліна, летась хваліў аб’яднаны штаб Святланы Ціханоўскай.

АА belsat.eu

Стужка навінаў