Экспарт нафты з Расеі расце, але даходы далёкія ад леташніх


Міжнароднае энергетычнае агенцтва (МЭА) у сваёй штомесячнай справаздачы заявіла, што расейскі экспарт нафты і нафтапрадуктаў у красавіку стаў самым высокім з лютага 2022 года. Але пры гэтым даходы Расеі ад гэтага моцна знізіліся.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Транспартаванне нафтапрадуктаў. Крыніца: belmir.by

Паводле МЭА, расейскі нафтавы экспарт у красавіку вырас на 50 тысяч барэляў за содні да 8,3 млн барэляў у содні, што стала самым высокім паказнікам з пачатку нападу РФ на Украіну ў лютым 2022 года. Пастаўкі нафты выраслі на 250 тысяч барэляў за содні, але экспарт нафтапрадуктаў знізіўся прыкладна на 200 тысяч барэляў за содні.

Але, нягледзячы на рост экспарту, даходы расейскага бюджэту ад гэтага не дасягаюць паказнікаў мінулага года. Паводле ацэнкі МЭА, меркаваныя даходы ад нафтавага экспарту РФ да папярэдняга месяца павялічыліся на $ 1,7 млрд да $ 15 млрд, але былі на 27 % ніжэйшыя, чым летась. У сакавіку зніжэнне даходаў у гадавым выражэнні было яшчэ большае – на 40 %.

Экспарт расейскай нафты ў красавіку склаў 5,2 млн барэляў за содні і стаў самым высокім з траўня 2022 года. 4,1 млн барэляў пры гэтым набылі Кітай і Індыя. Яшчэ 400 тысяч барэляў за содні куплялі краіны Еўразвязу – пераважна Вугоршчына, Славаччына і Балгарыя.

Што датычыць расейскіх нафтапрадуктаў, то ў асноўным іх набывалі Турцыя, Кітай і Індыя. Агулам расейскіх нафтапрадуктаў экспартавалі ў памеры 3,1 млн барэляў за содні.

Hавiны
Еўразвяз зацвердзіў восьмы пакет санкцыяў у дачыненні Расеі
2022.10.06 14:40

У 2022 годзе краіны G7 дамовіліся істотна абмежаваць гандаль Расеі вуглевадародамі, каб пазбавіць яе грошай на вайну з Украінай. 5 снежня набыла моц «цэнавая столь» у дачыненні нафты, а 5 лютага 2023 года – і ў дачыненні нафтапрадуктаў. То бок Расея не зможа прадаваць сыравіну паводле кошту, большага за ўсталяваную мяжу.

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў