«Мы з Ігарам не чакалі, што нам дадуць спатканне з дачкой». Дар’я Лосік распавяла, як пабачылася з мужам


У эфіры «Белсату» Дар’я Лосік распавяла пра доўгачаканую сустрэчу:

«Мы самі з Ігарам не чакалі, што нам дадуць спатканне разам з дачкой, бо яшчэ летась дзецям да 18 гадоў нельга было наведваць СІЗА. Але Ігар недзе пачуў інфармацыю, што такое наведванне магчымае, папрасіў мяне даведацца і, калі такое магчыма, прыехаць разам з дачкой».

Дар’я і Паўліна Лосікі. 29 студзеня 2021 года.
Фота: ТК / Белсат

Спатканне дазволілі ў аўторак – і ўжо ў пятніцу 15 красавіка Дарʼя з дачкой прыехала наведаць Ігара.

«Гэта было кароткатэрміновае спатканне на 2 гадзіны. Ігар быў у шоку, бо ён не чакаў, што зможа пабачыць дачку пасля такога доўгага часу. Гэта і сумна, і весела адначасова. Весела, бо ён нарэшце пабачыў таго ўлюбёнага чалавека, па якім так доўга сумаваў. А сумна, бо цяжка асэнсоўваць, што столькі часу ты прапусціў з ейнага жыцця і гэтага не вярнуць», – прызналася Дарʼя.

Дачка Паўліна, якой цяпер 3 гады, успрыняла сустрэчу спакойна.

«Першыя пяць хвілінаў яна адаптоўвалася, бо для дзіцяці незвычайна трапляць у такое месца, дзе 9 кабінак, дзе тата ў клетцы і ты не можаш з ім ні пагуляць, ні дакрануцца ці абняць. Можна толькі размаўляць праз тэлефон. Але недзе праз хвілінаў пяць Паўліна ўжо вельмі актыўна распавядала тату вершы, спявала, танцавала і нават віншавала з народзінамі. І ўсе дзве гадзіны спаткання яна вяла даволі актыўную камунікацыю з Ігарам», – распавяла жонка палітвязня.

Дарʼя адзначыла, што дачка сама пытае, ці ейны тата ў турме, бо яна пачала разумець, што тата не ў камандзіроўцы і не на працы:

«Я не хаваю ад дачкі, што ейны тата ў турме, што яго пасадзілі за праўду, і што тыя, хто яго пасадзіў, яны паводле сваёй сутнасці вельмі баязлівыя людзі і яго баяцца. Я не бачу сэнсу хаваць праўду ад дачкі, бо ейны тата – шчыры чалавек. І няма чаго саромецца ў гэтай сітуацыі».

За гэтыя дзве гадзіны Ігар Лосік перажыў усю гаму эмоцыяў: ад вялікай радасці да велізарнага суму. На здароўе сваё ён не скардзіўся, хаця тыдзень таму наракаў на гастрыт і праблемы з зубамі. Ігар у курсе падзеяў ва Украіне і абураецца тым, што з беларускай тэрыторыі лятуць ракеты на тэрыторыю суседняй дзяржавы.

Артыкулы
Ігар Лосік у гомельскім СІЗА вучыцца маляваць партрэты
2021.12.26 15:00

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў