Аляксей Палуян пра стан айчыннага кінематографу: «У Беларусі цяпер немагчыма здымаць незалежнае кіно»


У сталіцы Нямеччыны падводзяць вынікі чарговага Берлінскага кінафестывалю, які сёлета прайшоў без удзелу беларускіх фільмаў. Аднак беларускія кінатворцы былі запрошаныя на так званы еўрапейскі кінамаркет, які ёсць таксама важнай часткай Берлінале. Адзін з яго ўдзельнікаў рэжысёр Аляксей Палуян у эфіры праграмы «Студыя Белсат» распавёў пра ўдзел у кінафестывалі, а таксама падзяліўся сваім бачаннем стану і будучыні беларускага кіно.

 

Летась Аляксей Палуян дэбютаваў на Берлінале ў якасці рэжысёра фільму «Courage», сёлета ж разам з аператаркай Таццянай Гаўрыльчык ён быў адабраны ў праграму Berlinale Talents, якая разлічаная на маладых кінематаграфістаў, якія ўжо паспелі адзначыцца ў міжнародным свеце кіно.

«Берлінскі кінафестываль зрабіў такую праграму, каб зацягваць самых лепшых кіналюдзей у сваю сям’ю, каб у наступныя гады гэтыя людзі са сваімі фільмамі прыходзілі на Берлінскі кінафестываль, а не на Канскі», – кажа Аляксей Палуян.

Паводле Аляксея Палуяна, праграма Berlinale Talents дазваляе маладым кінематаграфістам з усяго свету абменьвацца сваім досведам і вучыцца адно ў аднаго, а таксама адчыняе своеасаблівыя дзверы ў свет вялікага кіно. І ўдзел беларусаў у гэтым праекце рэжысёр лічыць паказнікам развіцця незалежнага кінематографу ў Беларусі.

«Гэта паказвае, што наша маладое пакаленне незалежных кінематаграфістаў робіць пэўныя крокі. Тэндэнцыя бачная, і гэта вельмі важна, што Берлінскі кінафестываль заўважае беларускіх кінематаграфістаў. Таму ёсць пазітыўныя надзеі, што беларускае кіно будзе працягваць свой шлях на вельмі важным кінафестывалі».

У гэты ж час Аляксей Палуян адзначае, што на афіцыйным узроўні кіно Беларусі знаходзіцца ў заняпадзе, таму маладым творцам часцяком даводзіцца спрабаваць сябе за мяжой.

«Мастацкае беларускае кіно – гэта вельмі складнае пытанне, у нас не хапае прадзюсараў, у нас зусім няма незалежных інстытуцыяў, якія могуць увогуле фінансаваць незалежнае кіно. Гэта азначае, што маладыя творцы вымушаныя з’язджаць у іншыя краіны. Гэта ўжо вялікае пытанне – ці гэта беларускае кіно тады?».

Па словах рэжысёра, існаванне беларускага кіно ў будучым немагчымае без развіцця адпаведнай кінаіндустрыі.

Культурны рэпарцёр
Беларускі фільм пра жнівень-2020 ашаламіў усю Еўропу
2021.07.26 12:55

«Адныя аўтары – гэта цудоўна, але павінны быць кінаінстытуцыі, кінафонды, прадзюсары, усе гэтыя творчыя колы павінныя будавацца з нуля, бо цяпер іх амаль няма. У Беларусі цяпер немагчыма здымаць незалежнае кіно».

Поўную размову з беларускім рэжысёрам Аляксеем Палуянам можна паглядзець тут.

ВК, Belsat

 

Стужка навінаў