Амерыканскі вытворца гатовы прадаваць газ у Еўропу цаною $ 380 за 1 тыс. кубаметраў


Амерыканскі вытворца прыроднага газу EQT гатовы прадаваць звадкаваны прыродны газ у Еўропу цаною каля $ 380 за 1 тыс. кубаметраў. Пра гэта заявіў на канферэнцыі ў Абу-Дабі кіраўнік найбуйнейшага вытворцы газу ў ЗША – EQT – Тоўбі Райс.

Ілюстрацыйны здымак.
Фота: Pixaby / pixabay.com/

Кіраўнік кампаніі амерыканскай кампаніі EQT Тоўбі Райс заявіў на канферэнцыі ў Абу-Дабі, што гатовы забяспечыць продаж прыроднага газу ў Еўропу цаною $ 12 за Mmbtu (Mmbtu – брытанская цеплавая адзінка), але для гэтага трэба заключыць доўгатэрміновыя кантракты. Райс адзначыў, што такая цана будзе цудоўнаю ўгодаю, асабліва ў параўнанні з цяперашнімі $ 20 за Mmbtu.

«Мы можам даставіць газ да парогу Еўропы цаною $ 12 за Mmbtu (каля $ 380 за тысячу кубаметраў), і гэта будзе азначаць цану газу ў ЗША $ 4 за Mmbtu», – цытуе Тоўбі Райса РБК.

Цана лютаўскага фʼючарсу на прыродны газ паводле індэксу самага ліквіднага еўрапейскага хабу TTF у Нідэрландах на закрыцці таргоў у пятніцу, 13 студзеня, склала € 63 за мВт·г, або каля $ 719 за 1 тыс. кубаметраў, вынікае з дадзеных біржы ICE.

Звадкаваны прыродны газ (ЗПГ) да гэтага часу пастаўляўся паводле кароткатэрміновых кантрактаў праз біржы і газавыя хабы, у той час як трубаправодны газ пастаўляецца ў межах доўгатэрміновых кантрактаў. Ва ўмовах скарачэння расейскіх паставак і падвышанага попыту на ЗПГ цэны на газ у Еўропе мінулым летам дасягалі рэкордных адзнак $ 3000 за 1 тыс. кубаметраў. У снежні краіны ЕЗ узгаднілі гранічныя цэны на газ памерам € 180 за мВт·г (каля $ 2 тыс. за 1 тыс. кубаметраў).

Тэхнічна для перавозкі ЗПГ выкарыстоўваюцца спецыяльныя танкеры, якія загружаюцца і разгружаюцца ў партах на спецыяльных газавых тэрміналах, пасля чаго газ падаецца спажыўцам праз трубаправоды.

Карабель для транспартавання звадкаванага прыроднага газу. Фота з сайту кампаніі EQT / eqt.com

Паведамляецца, што Еўразвяз у 2022 годзе стаў галоўным пакупніком звадкаванага прыроднага газу ў свеце. Ён апярэдзіў ранейшых лідараў – Кітай, Японію і Паўднёвую Карэю. Такім чынам ЕЗ замяшчае расейскія газавыя пастаўкі, што рэзка скараціліся на фоне супрацьстаяння Расеі і Захаду праз канфлікт ва Украіне. Найважнейшым партнёрам для замяшчэння паставак расейскага газу Еўрапейская камісія называла ЗША, якія разам з Катарам, Аўстраліяй, Расеяй выступаюць найбуйнейшым вытворцам ЗПГ.

РБК прыводзіць дадзеныя Міжнароднага энергетычнага агенцтва, паводле якіх у чэрвені 2022 года пастаўкі ЗПГ з ЗША ўпершыню перавысілі экспарт «Газпраму» у Еўропу. У лістападзе Дзярждэпартамент указваў, што амерыканскія кампаніі пастаўляюць у Еўропу 70 % ад усяго свайго экспарту ЗПГ.

Карпарацыя EQT – лідарны незалежны вытворца прыроднага газу. Кампанія працуе ў штатах Пенсільванія, Заходняя Вірджынія і Агаё і імкнецца да развіцця базы актываў сусветнага класу ў цэнтры басейна Апалачаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў