Рэальны прыбытак беларусаў знізіўся амаль на 4 %


Рэальны прыбытак у Беларусі, паводле падлікаў Белстату, па выніках студзеня – кастрычніка 2022 года склаў 96,1 % у адносінах адпаведнага мінулагодняга перыяду. Аплата працы ў нашай краіне надалей застаецца адным з галоўных прыбыткаў грамадзянаў краіны.

Беларускія рублі. Менск, Беларусь. 27 красавіка 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Рэальныя грашовыя прыбыткі беларусаў у студзені – кастрычніку бягучага года знізіліся на 3,9 % у параўнанні з леташнім перыядам са студзеня да кастрычніка.

Рэальны прыбытак, паводле Белстату, – гэта грашовыя прыбыткі за вылікам падаткаў, збораў і ўнёскаў, скарэктаваныя на індэкс спажывецкіх коштаў на тавары і паслугі.

Афіцыйная статыстыка раней таксама паведамляла, што па выніках першых 9 месяцаў 2022 года намінальны налічаны сярэдні заробак у Беларусі скараціўся на 28 руб. 50 кап і склаў 1637 рублёў.

Аплата працы ў Беларусі займае 64,7 % ад агульнага аб’ёму грашовых прыбыткаў, прыбытак ад прадпрымальніцкай і іншай дзейнасці – 8,2 %, трансферты насельніцтву (пенсіі, стыпендыі і іншыя) – 22,2 %, прыбыткі ад уласнасці – 4,9%.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў