«Орган для надзвычайных сітуацыяў». Улады загаварылі пра новую функцыю Народнага сходу


Аляксандр Лукашэнка назваў Усебеларускі народны сход «стабілізатарам грамадства», які мусіць перадухіліць грамадзянскую вайну, а дэпутатка Святлана Любецкая заявіла, што УНС патрэбны для «развязання спрэчных пытанняў у надзвычайных сітуацыях». Раней улады казалі, што Сход мае проста вызначаць асноўныя кірункі замежнай і ўнутранай палітыкі.

Падрыхтоўка да Усебеларускага народнага сходу. 6 лютага 2021 года, Менск, Беларусь.
Фота: АВ / Белсат

Законапраект аб Усебеларускім народным сходзе прадугледжвае пэўныя яго паўнамоцтвы. Гэта, напрыклад, ухваленне праграмы сацыяльна-эканамічнага развіцця, прапанаванне рэферэндумаў, права заканадаўчай ініцыятывы – то бок усё тое, з чым могуць даць рады іншыя дзяржаўныя інстытуты.

Цяпер улады пачалі надаваць Народнаму сходу статус органу, які мусіць ледзь не выратаваць краіну ад грамадзянскай вайны. На нарадзе 13 снежня Аляксандр Лукашэнка фактычна прызнаў, што змена ўлады можа прывесці да «ўнутранага супрацьстаяння».

«Гэта можа быць асабліва цяпер, калі мяняецца пакаленне, калі натуральна будзе мяняцца ўлада, у тым ліку прэзідэнт. Калі з’явяцца вось такія ўнутраныя прычыны для сутыкнення, мы што, лоб у лоб пойдзем, сценка на сценку пойдзем адно на аднаго? Гэтага быць не павінна. Тады які механізм? Вось мы і прапануем народу і дзяржаве гэты механізм: Усебеларускі народны сход», – заявіў Лукашэнка.

Ён назваў Сход «стабілізатарам грамадства», дзе развяжацца нейкае галоўнае пытанне. Што за галоўнае пытанне можа ўзнікнуць, не ўдакладніў.

«Калі які-небудзь канфлікт – партыі ўзбудзіліся, галіны ўлады пачалі гнуцца ў розныя бакі, гэта перайшло ў грамадства, пагражае грамадзянскай вайной. Што тады? А тады Усебеларускі народны сход», – сказаў палітык.

Пра ролю УНС у нейкай надзвычайнай сітуацыі загаварыла і дэпутатка парламента Святлана Любецкая.

«Узнікае орган, які закліканы развязваць спрэчныя пытанні альбо нейкія канфлікты ў асаблівых, надзвычайных сітуацыях. Гэтыя надзвычайныя сітуацыі і прапісаныя выразна, калі ўключаецца УНС, у якіх выпадках. Гэта такі калектыўны розум у сітуацыях, што патрабуюць кансалідацыі грамадства, які мусіць адлюстраваць меркаванне розных сфераў і слаёў грамадства», – сказала дэпутатка ў дзяржаўным тэлеэфіры.

Законапраект аб Усебеларускім народным сходзе хуткім часам унясуць у Палату прадстаўнікоў.

«Абсалютна няўдалы механізм»

Палітолаг Валер Карбалевіч у каментары для «Белсату» адзначыў: УНС ствараюць дзеля спробы захаваць палітычную сістэму пасля сыходу Лукашэнкі і перадухіліць крызіс падчас змены ўлады. Пасля мірнай рэвалюцыі 2020 года «ў іх існуе страх паўтарэння».

«Праблема ў тым, што ў такой сістэме персаналісцкага рэжыму няма легальнага механізму пераходу ўлады ў сітуацыі, калі Лукашэнка будзе вымушаны сысці. Калісьці гэта ж адбудзецца. У такіх рэжымах заўсёды гэта момант палітычнага крызісу. Лукашэнка спрабуе стварыць нейкі механізм, каб пазбегнуць гэтага крызісу, каб не прывесці да абвалу рэжыму, каб рэжым захаваўся нават пры ягонай адсутнасці, каб неяк гарантаваць бяспеку ці сабе, ці сваёй сямʼі, свайму атачэнню», – сказаў Карбалевіч.

На ягоную думку, Усебеларускі народны сход наўрад ці здолее выканаць функцыі «стабілізатара», як на тое спадзяецца ўлада.

«Гэта абсалютна няўдалы механізм, бо УНС увогуле не можа быць інструментам улады. Калі раз на год збіраюцца ў нейкім памяшканні 1200 асобаў, то яны ў прынцыпе не могуць прыняць ніякага рашэння і нават абмеркаваць нешта. Не дзеля гэтага орган створаны. Яны могуць толькі за нешта прагаласаваць, праштампаваць нейкае рашэнне, якое прынятае зусім у іншым месцы. Таму УНС даволі бессэнсоўны орган менавіта для вырашэння задачы перадухілення крызісу», – падсумаваў палітолаг.

Каментар
«Рызыкоўны эксперымент». Абнародаваны законапраект аб Усебеларускім народным сходзе
2022.10.24 18:18

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў