Галоўнае за дзень: смерць Качанава, прысуды і пустое крэсла Беларусі


Акцыя жыхароў Бараўлянаў. Фота ад чытачоў Белсату

Палітычны крызіс пасля прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі трывае 492 дзень. Улады не паказваюць прыкметаў замірэння. «Белсат» пераказвае галоўныя падзеі 15 снежня.

Памёр трэнер бодыбілдынгу Антон Качанаў, які атрымаў цяжкія траўмы год таму пасля канфлікту на палітычнай глебе. Пра смерць менчука паведаміў кіраўнік фонду BYSOL Андрэй Стрыжак. 16 снежня аб 11:00 пройдзе развітанне з памерлым Антонам Качанавым. А 12-й гадзіне картэж паедзе з менскай вул. Катоўскага, 56 у Баранавічы, дзе ў 14:00 адбудзецца пахаванне на могілках Русіна.

Палітвязня з інваліднасцю засудзілі на 3 гады калоніі. 14 снежня 2021 года суд Дзяржынску і Дзяржынскага раёну прызнаў 40-гадовага палітзняволенага Андрэя Рунцо вінаватым паводле двух артыкулаў КК: «Гвалт альбо пагроза ўжывання гвалту ў дачыненні супрацоўніка органаў унутраных справаў» і «Пагроза ў дачыненні суддзі ці народнага засядацеля», і асудзіў яго да 3 гадоў пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Сёння ж вынеслі прысуд выкладчыцы журфаку БДУ. Ксенію Мартуль пакаралі 15 соднямі арышту.

Падчас саміту ўрадаў краін Еўразвязу і краін-удзельніц «Усходняга партнёрства» ў Бруселі Беларусь на асноўным пасяджэнні была прадстаўленая пустым крэслам з афіцыйным сцягам. Прэзідэнт Еўрапейскай рады Шарль Мішэль заявіў: «Мы аб’яднаныя ў падтрымцы беларускага народу», а Святлана Ціханоўская правяла шэгар сустрэч з еўрапейскімі палітыкамі.

МГМ, belsat.eu

Стужка навінаў