Ад паходаў у цір да супольных праглядаў прапаганды. Як Ліцэй БДУ стаў філіялам КДБ


Некалі найлепшая сярэдняя навучальная ўстанова Беларусі – Ліцэй БДУ, вядомы сваім свабодалюбствам, усё больш ператвараецца ў філіял сілавых ведамстваў. І ў прыватнасці – Камітэту дзяржаўнай бяспекі. Кіраўніцтва Ліцэю БДУ гэтага нават не саромеецца і само распавядае пра чэкісцкую індактрынацыю моладзі.

Намеснік старшыні КДБ Сяргей Гладышаў і цяпер ужо былая дырэктарка Ліцэю БДУ Ганна Чубарава.
Фота: Лицей БГУ / Telegram

Ліцэй БДУ быў заснаваны ў 1989 годзе. Ён забяспечвае профільнае навучанне ў 10–11 класах, рыхтуе да паступлення ў ВНУ. Вучні рэгулярна робяцца прызёрамі рэспубліканскіх і міжнародных алімпіядаў у розных дысцыплінах. У 2004 годзе Ліцэй уганаравалі прэміяй ураду за дасягненні ў якасці.

У 2020 годзе ў Ліцэй БДУ на біялагічны профіль паступіў малодшы сын Аляксандра Лукашэнкі. Перад тым у ліцэі вучылася ягоная ўнучка. Але пасля таго як больш за тысячу выпускнікоў установы падтрымалі свабодныя выбары, дакументы прадстаўнікоў кіроўнай сям’і з яе забралі. А сам Ліцэй зазнаў рэпрэсіі.

У 2021 годзе ўстанову пазбавілі прывілеяў у прыёме навучэнцаў. Таксама звальнялі нелаяльных выкладчыкаў.

Hавiны
«Новая дырэктарка не дурная, аднак салдафонка». Ліцэй БДУ робіцца падобным да Ліцэю МУС
2023.10.19 16:17

Як паведамляў «Белсату» Ігар Варакса, які ўзначальваў Ліцэй БДУ ў 2019–2021 гадах, у Ліцэі «ўвялі стаўкі намесніка ў «рэжыме бяспекі і кадрах», які прадстаўляе КДБ. Менавіта ён і адказваў за палітычныя чысткі ва ўстанове. А сярод вучняў пачалі ладзіць конкурсы пра тое, хто найлепш намалюе комікс пра стваральніка ЧК Фелікса Дзяржынскага або створыць станоўчы вобраз працаўніка КДБ у відэасюжэтах ці музычных роліках.

21 верасня 2023 года дырэктарскую пасаду ў Ліцэі БДУ нечакана пакінула Ганна Чубарава, якая ўзначальвала яго са жніўня 2021 года. Замест яе прыйшла Таццяна Мамчыц з былога Інстытуту, а цяпер Акадэміі нацыянальнай бяспекі. Акурат гэтую ўстанову яшчэ ў 2016 годзе назваў «кузняю чэкісцкіх кадраў» тагачасны кіраўнік КДБ Валерый Вакульчык.

«Новая дырэктарка не дурная жанчына, аднак салдафонка, якая насаджае міліцэйскія парадкі ў Ліцэі. У выніку атрымоўваецца штосьці кшталту Ліцэю МУС», – распавядалі крыніцы «Белсату».

Але гэтыя факты, на жаль, не адзіныя, што сведчаць пра шчыльную супрацу Ліцэю БДУ з чэкістамі. Больш падрабязна пра гэта ўстанова распавядае сама ў сваім Telegram-канале.

Чыстасардэчнае прызнанне

Гэтак, 20 кастрычніка 2022 года ў Ліцэі правёў лекцыю намеснік начальніка Інстытуту нацыянальнай бяспекі (таго самага, адкуль праз год прыйдзе і новая дырэктарка) у пытаннях навуковай працы Генадзь Краско, які вучыў ліцэістаў, як правільна захоўваць гістарычную памяць. А 21 красавіка 2023 года ўжо дырэктарка Чубарава і навучэнцы Ліцэю разам з кіраўніцтвам і курсантамі «кузні чэкісцкіх кадраў» удзельнічалі ў акцыі «Тыдзень лесу».

Не цураецца ўстанова цяпер і наўпроставых кантактаў з Камітэтам дзяржаўнай бяспекі. Гэтак, 27 студзеня 2023 года Ліцэй БДУ «з сяброўскім візітам» наведаў намеснік старшыні Камітэту дзяржаўнай бяспекі Сяргей Гладышаў. 1 верасня той самы Гладышаў выступаў на ўрачыстай лінейцы. Дарэчы, як і год таму. Так што гэта ўжо своеасаблівая традыцыя.

Ліцэісты ў ціры КДБ.
Фота: Лицей БГУ / Telegram

А 2 снежня самі навучэнцы «ў мэтах укаранення нестандартных формаў навучання» наведалі цір КДБ. У самім Ліцэі «працягвае працу група правядзення архіўна-гістарычных даследаванняў аб жыцці і дзейнасці Ф. Э. Дзяржынскага». А дырэктарка за дасягненні ў даследаваннях уручае ўзнагароды наўпрост «ад імя кіраўніцтва Камітэту дзяржаўнай бяспекі».

А на сайце Ліцэю БДУ «з’явілася магчымасць» прагляду прапагандысцкага фільму «Нірвана. Стрэл у сэрца», які распавядае пра тое, як сілавік спецпадраздзялення «Альфа» КДБ Дзмітрый Федасюк спрабаваў незаконна ўварвацца ў кватэру праграміста Андрэя Зельцара і быў за гэта забіты.

Агляд
Адна забітая асоба і дзясяткі скалечаных лёсаў. Два гады таму ў страляніне з КДБ загінуў Андрэй Зельцар
2023.09.28 13:41

Прыходзяць баевікі «Альфы» і наўпрост у Ліцэй. Гэтак, 10 лістапада «госцем» Ліцэю БДУ стаў Алег Чарнышоў – намеснік старшыні прэзідыуму Нацыянальнай акадэміі навук, які раней займаў пасаду кіраўніка падраздзялення, а таксама намесніка старшыні КДБ.

Намеснік старшыні прэзідыуму НАН распавядаў ліцэістам не пра навуку, а пра тое, як стваралася «Альфа», пра веды і здольнасці сілавікоў, паказаў пра гэта адмысловы фільм і распавёў, як трапіць у Групу «А».

І гэта без уліку іншых акцыяў, як то супольнага ўшанавання з вучнямі кастрычніцкага перавароту ў Расеі 7 лістапада або наведвання калектыўнага ўступлення ў «Белую Русь». Агулам, адзначыў у размове з карэспандэнтам «Белсату» адзін з былых працаўнікоў, адных гэтых фактаў дастаткова, каб зразумець, «да чаго ў ліцэі дайшло», каб «ні ў каго не засталося ілюзіяў».

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў