«Прапаноўваем пераняць наш прыклад». 1158 выпускнікоў Ліцэю БДУ выступілі за сумленныя выбары


Ліцэй БДУ.
Фота: facebook.com/Lyceum-BSU

Выпускнікі і выпускніцы Ліцэю БДУ выступілі з адкрытым зваротам з нагоды прэзідэнцкіх выбараў. Зварот падпісалі 1158 чалавек, якія скончылі ўстанову ў 1991-2019 гадах.

«Мы, выпускнікі і выпускніцы Ліцэя ўсіх пакаленняў, палічылі непрымальным моўчкі назіраць за падзеямі, якія закранаюць канстытуцыйныя правы і будучыню кожнага з нас. Мы выступаем з адкрытым зваротам да ўсіх нашых суграмадзянаў і суграмадзянак, улучна з тымі, хто займае розныя пасады ў сістэме дзяржаўнай улады», – гаворыцца ў звароце.

У дакуменце падкрэсліваецца, што адміністрацыя Ліцэю БДУ не мае ніякага дачынення да гэтай ініцыятывы.

Hавiны
Еўразвяз выразіў занепакоенасць рэпрэсіямі ў Беларусі і заклікае ўлады правесці сумленныя выбары
2020.07.28 23:38

«А выпускнікам і выпускніцам іншых школ, гімназій і ліцэяў Беларусі, якія падзяляюць наш пункт гледжання і хочуць выказацца, прапаноўваем пераняць наш прыклад», – заклікаюць ліцэісты.

Яны падкрэсліваюць, што не патрабуюць нічога, акрамя выканання Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь. Паводле іх, выбарчая кампанія пераўтварылася ў жорсткую і непрымальную барацьбу з іншадумствам.

«Наймайцнейшыя альтэрнатыўныя прэтэндэнты на пасаду прэзідэнта былі знятыя з дыстанцыі на старце. Незалежныя кандыдаты і кандыдаткі не прайшлі ва ўчастковыя выбарчыя камісіі. На ўчасткі абмежаваны і доступ назіральнікаў і назіральніц. Тых, хто выходзіць на мірныя акцыі пратэсту альбо проста апынуліся побач з імі, хапаюць на вуліцах, кідаюць у аўтазакі і садзяць на суткі», – кажуць выпускнікі.

Яны адзначылі, што «кожны з нас можа і павінен зрабіць усё, што ад яго залежыць, для таго, каб фінал выбараў прайшоў сумленна, правы выбарцаў і ўсіх прэтэндэнтаў і прэтэндэнтак на пасаду прэзідэнта не парушаліся, а падлік галасоў вёўся справядліва і празрыста ў камісіях усіх узроўняў».

Hавiны
Сёння ў Менску затрымалі 50 чалавек. Сярод іх – журналісты «Белсату»
2020.07.28 22:39

«Заяўляць пра парушэнні падчас выбарчай кампаніі – не толькі наша права, але і абавязак. Калі мы самі станем сведкамі такіх парушэнняў, мы будзем звяртацца ў ЦВК, да праваабаронцаў, назіральнікаў, у СМІ. Мы не будзем баяцца дзейнічаць публічна і называць свае імёны. Таму што не робім нічога ганебнага ці супрацьзаконнага. Таму што ананімныя звароты не ўлічваюцца. Мы заклікаем вас рабіць гэтаксама», – гаворыцца ў звароце.

Былыя ліцэісты заклікалі чальцоў выбарчых камісіяў не баяцца і не ісці на ўгоду з сумленнем, нагадаўшы, што ўдзел у фальсіфікацыях з‘яўляецца крымінальным злачынствам, а самі фальсіфікацыі «пазбаўляюць беларусаў і беларусак права вызначаць сваю будучыню».

Супрацоўнікаў праваахоўных органаў зварот заклікае абараняць усіх грамадзянаў, «а не аднаго грамадзяніна ці групы грамадзян з іх асабістым пунктам гледжання на працэсы, якія адбываюцца ў краіне».

Hавiны
«Непавага да краіны». МАРГ забараніў цішоткі «Welcome to Belarus» з аўтазакам
2020.07.28 23:04

«Выбар ёсць заўсёды. А ў нас павінны быць выбары. Бо паасобку мы проста людзі, а разам – народ Беларусі», – гаворыцца ў звароце.

Ягоны тэкст яшчэ адкрыты да падпісання.

МГ belsat.eu

Стужка навінаў