Маці здала сына ў міліцыю за пашкоджанне дзяржаўных сцягоў. Яго пакаралі 1,5 гадамі калоніі


У судзе Барысаўскага раёну 23 чэрвеня разглядалася крымінальная справа супраць 20-гадовага электраманцёра Міхаіла Анціпава, якога абвінавацілі ў знявазе дзяржаўнай сімволікі (арт. 370 КК РБ), паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Міхаіла здала міліцыі ягоная маці, маладзён мае ўкраінскае грамадзянства, зазначаюць праваабаронцы.

20-гадовага Міхаіла Анціпава суд Барысаўскага раёну засудзіў на 1,5 года калоніі за знявагу дзяржаўных сімвалаў.
Фота: Праваабарончы цэнтр «Вясна»

Паводле следства, уначы 20 сакавіка Міхаіл сарваў чатыры дзяржаўныя сцягі ў аграгарадку Лошніца. Ён пашкодзіў палотнішчы сцягоў і паламаў дрэўкі. Хлопца затрымалі працаўнікі міліцыі.

Абвінавачванне заяўляе, што Анціпаў наўмысна нажом адрэзаў фрагмент палотнішча ад дзяржаўнага сцяга, замацаванага на будынку крамы ў Лошніцы, затым нажом зрэзаў вяроўку флагштока, ад другога сцяга адарваў фрагмент палотнішча і зламаў дрэўка. У справе чатыры эпізоды.

Сведкай у судзе выступіла маці абвінавачанага. Падазраючы, што сын здзейсніў супрацьпраўныя дзеянні ў дачыненні сцягоў, яна запатрабавала, каб той звярнуўся ў міліцыю, а пазней сама паведаміла ўчастковаму інспектару пра тое, што адбылося.

Суд пастанавіў прызначыць Міхаілу пакаранне ў выглядзе пазбаўлення волі на тэрмін 1 год і 6 месяцаў з адбываннем пакарання ў папраўчай калоніі ва ўмовах агульнага рэжыму. Справу разглядала суддзя Таццяна Шыман.

Марыя Міхалевіч belsat.eu

Стужка навінаў