Зборная Беларусі па футболе згуляе з нацыянальнаю камандаю краіны, незалежнасці якой не прызнае


Футбалісты з Беларусі едуць у Вугоршчыну, каб правесці дзве гульні адборачнага турніру чэмпіянату Еўропы супраць Ізраілю і Косава.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапейская кваліфікацыя. Гульня паміж Румыніяй і Беларуссю на стадыёне «Нацыянальны». Бухарэст, Румынія. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: team.abff.by

Замест Менску цяпер – Будапэшт

Якраз незалежнасць Косава не прызнаюць цяперашнія ўлады Беларусі. Як не прызнаюць яе і ўлады Сербіі. Менавіта там гуляла апошні год зборная Беларусі, але ёй давялося шукаць новае месца для хатніх сустрэчаў. Выбар трапіў на Вугоршчыну – гэта адзіная краіна ў ЕЗ, што пагадзілася даць сваю тэрыторыю для зборнай лукашэнкаўскай Беларусі. Нагадаем, што праз падтрыманне ваеннай агрэсіі Расеі супраць Украіны беларуская зборная не можа гуляць хатнія матчы на сваёй тэрыторыі, а яшчэ гульні мусяць праходзіць без гледачоў.

Матчы пройдуць у Будапэшце 16 чэрвеня супраць Ізраілю і 19 чэрвеня супраць Косава. Беларусь стартавала ў гэтым турніры з дзвюх паразаў – 0:5 ад Швейцарыі і 1:2 ад Румыніі. У сваёй групе Беларусь займае апошняе месца.

Зрэшты, калі пачытаць спартовыя беларускія чаты, гэта не моцна хвалюе беларускіх заўзятараў. За амаль тры апошнія гады зборная РБ змагла адвярнуць ад сябе велізарную колькасць фанатаў. І прычынаў тут некалькі: кепская гульня зборнай і пазіцыя (а дакладней, яе адсутнасць) у гульцоў зборнай. Футбалісты робяць выгляд, што навокал нічога не адбываецца.

Ізноў прапанавалі вырываць мяч зубамі

Напярэдадні гульні з форсам выступаў галоўны трэнер зборнай Беларусі Георгій Кандрацьеў, які даўно забыўся, што такое перамогі, адсотак іх за апошнія два гады ў афіцыйных матчах у гэтага трэнера роўны нулю. За гэта Кандрацьеў атрымлівае… 15 тысяч долараў на месяц! Сам трэнер гаворыць, што другі раз у сваёй кар’еры мусіў узначаліць зборную.

«Не думаў, што вярнуся ў зборную Беларусі. Быў пастаўлены перад выбарам. Пра ўсё не магу казаць», – паведаміў Кандрацьеў дзяржаўным СМІ.

«Мінімум – чатыры, максімум – шэсць» – такую колькасць пунктаў у гульнях з Ізраілем і Косавам паставіў за мэту Кандрацьеў.

Нагадаем, што ва ўсім адборачным турніры мінулага чэмпіёну Еўропы зборная Беларусі набрала чатыры пункты ў васьмі гульнях, а ў адборачным турніры чэмпіянату свету – тры, таксама ў васьмі гульнях.

Але ў трэнера ёсць сакрэт, як дамагчыся пастаўленага выніку.

«Будзем пераварочваць гэтую сітуацыю. Зубамі вырываць мячы, запіхваць у браму», – сказаў Кандрацьеў.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Еўрапейская кваліфікацыя. Гульня паміж Румыніяй і Беларуссю на стадыёне «Нацыянальны». Бухарэст, Румынія. 28 сакавіка 2023 года.
Фота: team.abff.by

Гэткі метад беларускім хакеістам ужо прапаноўваў міністр спорту Алег Качан, але тады не надта спрацавала. Паглядзім, як будзе цяпер.

Шэсць падпісантаў за Лукашэнку, трое з расейскім пашпартам

Сярод выкліканых у зборную гульцоў шасцёра падпісалася за рэжым, трое маюць грамадзянства Расеі. А, напрыклад, Захар Волкаў – удзельнік дамоўных матчаў і яшчэ нядаўна гуляў за расейскія «Хімкі», што адкрыта выступалі за вайну. Ёсць хлопцы, пазіцыю якіх зразумець цяжка, напрыклад, Раман Юзапчук з маскоўскага «Тарпеда», які ў 2020 годзе ў сваіх сацыяльных сетках пачаў пісаць на беларускай мове, а пазней размяшчаў расейскі сцяг. Тры гульцы зборнай ужо засталіся без працы – Клімовіч, Падстрэлаў і Бахар. Цікавы лёс апошняга: у 2020 годзе ён гуляў з белым бранзалетам, выказваўся ў падтрыманне народу, а затым падпісаўся за рэжым, развёўся з жонкай і з’ехаў гуляць у Ізраіль, але пасля сезону ў «Іроні» кантракту з ім не працягнулі. А вось у іншага падпісанта за рэжым, Яўгена Яблонскага, усё добра, ён стаў чэмпіёнам Кіпру і цяпер увогуле не выказвае ніякай пазіцыі.

АС belsat.eu

Стужка навінаў