Кошт долара наблізіўся да «псіхалагічнага бар’еру»


Курс беларускага рубля ўшчыльную наблізіўся да адзнакі тры рублі за долар ЗША. Апошні раз амерыканская валюта брала гэты бар’ер у сакавіку 2022 года. Экспертка цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна тлумачыць гэта падзеннем курсу расейскай валюты.

Пункт абмену валютаў у гандлёвым цэнтры. Менск, Беларусь. 27 чэрвеня 2021 года.
Фота: АВ / Белсат

Калі на падставе таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы курс долара толькі наблізіўся да «псіхалагічнага бар’еру» (2,9963 рубля), то ў абменных пунктах 14 чэрвеня ён ужо дасягнуў адзнакі тры рублі. Гэта рэкордная цана з сакавіка 2022 года, калі ў выніку расейскага ўварвання ва Украіну курс перасягнуў 3 рублі за долар ЗША. На таргах валютна-фондавай біржы курс беларускага рубля знізіўся адносна долара на 0,36 %. З пачатку года курс рубля знізіўся да долара на 9,5 %.

Цяпер новых чыннікаў, што ўплываюць на курс беларускага рубля, няма, кажа экспертка Цэнтру эканамічных даследаванняў BEROC Настасся Лузгіна. Зніжэнне курсу адбываецца галоўным чынам за кошт расейскага рубля, беларуская эканоміка вельмі арыентаваная на расейскую. Раней эксперты распавялі «Белсату», што на Расею цяпер ідзе 70 % усяго нашага экспарту.

Калі эканоміка суседняй краіны пачынае мае пагаршэнні ды паўстаюць новыя выклікі, гэта ўплывае і на эканоміку Беларусі.

«Курс расейскага рубля зніжаецца галоўным чынам праз тое, што ў Расеі цяпер не вельмі добрая сітуацыя. У замежным гандлі станоўчае сальда бягучых аперацыяў скарацілася за сёлетнія студзень – травень у параўнанні з аналагічным леташнім перыядам больш чым у 5 разоў. Пакуль сальда застаецца станоўчым на ўзроўні каля 22,8 мільярда долараў. Для Беларусі гэта вялізныя грошы, але не для Расеі. Летась станоўчае сальда бягучых аперацыяў было каля 120 мільярдаў долараў ЗША», – тлумачыць Настасся Лузгіна.

Каментар
Рубель стабільны, але давер тут ні пры чым. За што і наколькі моцна трымаецца беларуская валюта?
2023.04.04 15:30

Экспертка дадае, што таксама змяніліся попыт з прапановаю на валюту ў РФ. У сувязі з гэтым бачым змены на расейскім валютным рынку. Мінфін РФ у межах бюджэтнага правілу прадаваў юані, каб стабілізаваць курс, але гэта не ратуе сітуацыі.

Пагаршэнне сітуацыі з замежным гандлем Расеі звязанае галоўным чынам з тым, што знізіліся цэны на энергарэсурсы, абмяжоўваюцца аб’ёмы продажу расейскіх тавараў на замежных рынках, тлумачыць Настасся Лузгіна. Да таго ж, расце імпарт. Эканоміка РФ прыстасавалася да санкцыяў, што прывяло да росту імпарту. У сувязі з гэтым ствараецца ціск на валютны рынак і на курс расейскага рубля. Адпаведна, гэта ўплывае на беларускі рубель.

«Калі паглядзець на вынікі таргоў на Беларускай валютна-фондавай біржы, то пабачым, што асноўныя аб’ёмы таргоў адбываюцца ў расейскіх рублях. Гэта і вызначае дынаміку беларускага рубля да долара. Хаця нашая нацыянальная валюта не цалкам капіюе дынамікі расейскай, зніжэнне курсу беларускага рубля больш павольнае, але агулам траекторыя будзе паўтарацца», – кажа экспертка.

Сапраўды, аб’ём біржавых таргоў доларам ЗША склаў 14 чэрвеня крыху болей за 9 мільёнаў долараў. Абʼём таргоў расейскім рублём перасягнуў 38 мільёнаў долараў ЗША ў эквіваленце.

Аналітыка
Эканаміст: Няма падставаў лічыць, што беларускі і расейскі рубель стабільныя
2022.04.06 12:13

Такім чынам, паводле эксперткі, галоўным і вызначальным чыннікам, што ўплывае на курс беларускага рубля, ёсць сітуацыя на расейскім валютным рынку.

Эканамісты звярнулі ўвагу, што ў Беларусі за апошні год істотна вырасла доля наяўных у абарачэнні. Але калі мы кажам, што Нацбанк уключае друкарскі варштат, то ідзецца перадусім пра рост безнаяўных грошай, тлумачыць Настасся Лузгіна. «Лішнія грошы» – гэта прычына для росту цэнаў.

«Але цяпер мы бачым якраз адваротную сітуацыю. Рост цэнаў запаволіўся. Да канца года інфляцыя пачне павялічвацца, бо знікнуць сезонныя чыннікі, адносна мяккая крэдытна-грашовая палітыка Нацбанку будзе таксама спрыяць узмацненню інфляцыйных працэсаў. На сёння сітуацыя стабільная. Таму не выпадае казаць, што павелічэнне грашовай масы ўплывае на курс беларускага рубля», – звяртае ўвагу суразмоўца «Белсату».

Пры гэтым, калі паглядзець на сітуацыю з замежным гандлем, то яна не такая, як была летась. Імпарт тады падаў хутчэй, чым скарачаўся экспарт. Цяпер ужо наадварот, імпарт расце хутчэй, чым экспарт.

Усе гэтыя акалічнасці (сітуацыя з замежным гандлем ды  палітыка Нацбанку) могуць уплываць на курс беларускага рубля ў бок яго зніжэння, але менавіта цяпер у сітуацыі з курсам беларускага рубля мы бачым водгук на дынаміку расейскага рубля, кажа Настасся Лузгіна.

Hавiны
Эканоміка Беларусі падае, а рубель узмацняецца. Як гэта?
2022.11.18 18:01

Мікалай Каткоў belsat.eu

Стужка навінаў