У «віцебскіх Курапатах» знішчаны мемарыяльныя крыжы з шыльдамі


На месцы мемарыялу, узведзенага ў памяць ахвяраў «сталінскіх» расстрэлаў каля вёскі Хайсы Віцебскага раёну, невядомыя выламалі драўляныя крыжы, на якіх былі шыльды з прозвішчамі расстраляных. Таксама знішчаны ўказальнікі, па якіх можна было дайсці да ямін, дзе ў 2014 годзе былі знойдзены выкінутыя на паверхню чалавечыя парэшткі, паведамляе «Віцебская вясна».

Знішчаная мемарыяльная дошка ў мемарыял «Хайсы». Крыніца: vitebskspring.org

Стваральнік ініцыятывы па мемарыялізацыі гэтага месца Ян Дзяржаўцаў сцвярджае, што гэта магло здарыцца са згоды і нават па загаду мясцовых уладаў. Бо назіраюцца пашкоджанні з выкарыстаннем тэхнікі. Напрыклад, жалезныя апоры былі зрэзаныя, жалезная шыльда з надпісам «Мемарыял “Хайсы”» знятая з балтоў, а рамка пагнутая.

«Хуліганы маглі зламаць адзін-два драўляных крыжы, але ж знішчаны практычна ўсе. Каб зрэзаць указальнікі, адназначна патрэбная тэхніка. Ламаць шыльды на крыжах на вышыні 3-4 метры таксама не стане выпадковы мінак. Я мяркую, усё гэта было зроблена знарок, і вінаваты тут не простыя людзі», – лічыць Ян Дзяржаўцаў.

На ягоную думку, гэта не можа быць справай рук мінакоў:

«Жыхары найбліжэйшых вёсак выдатна ведаюць пра тутэйшыя падзеі ў 1937-38 гады, яны самі дзяліліся ўспамінамі, пачутымі ад старэйшага пакалення, і выказвалі адназначнае меркаванне, што ў памяць пра бязвінна забітых патрэбны мемарыял… Але гэтую думку катэгарычна не падзяляюць у Мазалаўскім сельсавеце, ад самага пачатку там выказвалі незадавальненне нашай дзейнасцю па ўшанаванні памяці ахвяраў сталінізму. Не выключаю, што па загадзе мясцовых уладаў і былі знішчаны крыжы, шыльды і ўказальнікі».

Што рабіць цяпер, пакуль невядома, бо ўсталёўваць новыя крыжы ў цяперашніх умовах наўрад ці мае сэнс, бо найверагодней, што самаробны мемарыял будуць знішчаць у надалей.

Да 2022 году самаробны мемарыял складаўся з больш як трох дзясяткаў драўляных крыжоў, тры жалезныя крыжы з інфармацыйнай шыльдай былі ўсталяваныя каля дарогі з боку вёскі Хайсы, яшчэ адзін жалезны крыж актывісты паставілі на ўскрайку лесу – каля сцежкі, што вядзе да ямін з парэшткамі ад чыгункі «Віцебск-Гарадок».

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў