Заснавальнік найбуйнейшай амерыканскай ПВК Эрык Прынс мог наведваць Беларусь


Заснавальнік найбуйнейшай амерыканскай прыватнай вайсковай кампаніі – «Blackwater» – Эрык Прынс мог наведваць Беларусь у 2020 годзе, сцвярджае амерыканскі журналіст-расследавальнік Мэт’ю Коўл. Альянс расследавальнікаў Беларусі атрымаў доказы, што чалавек, чые імя і прозвішча цалкам супадаюць са звесткамі амерыканскага бізнесоўца, сапраўды прыязджаў у Менск двойчы цягам паўгода.

Заснавальнік амерыканскай прыватнай вайсковай кампаніі (ПВК) «Blackwater» Эрык Прынс.
Фота: Larry Downing / Reuters / Forum

Амерыканскі журналіст Мэт’ю Коўл некалькі дзён таму апублікаваў ліст на імя Аляксандра Лукашэнкі, датаваны 6 верасня 2020 года. Пад тэкстам стаяць подпісы Эрыка Прынса (Erik Dean Prince) і Майкла Юдэльсона (Michael Yudelson). Яны называюцца кіраўнікамі зарэгістраванай на Кіпры кампаніі «Defense Export Limited».

Паводле ліста, бізнесоўцы прапанавалі Лукашэнку стварыць у Беларусі супольнае прадпрыемства для працы на вонкавых рынках у сферы ўзбраенняў, якое магло б займацца закупам савецкай зброі і вайсковай тэхнікі, затым рамонтам, мадэрнізацыяй і наступнай пастаўкай замежным ПВК. Таксама Беларусі прапаноўвалася разам зарганізаваць рыхтаванне замежнага лётнага ды інжынерна-тэхнічнага персаналу для эксплуатацыі і пілатавання баявых самалётаў вытворчасці СССР (у тым ліку Су-25).

У якасці першага кроку супрацы бізнесоўцы папрасілі Лукашэнку даць дазвол на продаж партыі патронаў да стралковай зброі савецкай вытворчасці. У лісце гаворыцца, што ў складах у Беларусі ёсць 50 млн патронаў калібру 7,62×39, «вашыя людзі» прапаноўвалі купіць гэтую партыю, але затым адмовілі «ў звязку з бягучымі падзеямі» [хутчэй за ўсё, у звязку з сітуацыяй, звязанай з выбарчай кампаніяй у Беларусі. – Заўвага рэд. belsat.eu] і было заяўлена, што партыю можа дапусціць да продажу толькі Лукашэнку сваім указам». Таму бізнесоўцы да яго і звяртаюцца.

Мэт’ю Коўл сцвярджае, што за тры месяцы да ліста Эрык Прынс асабіста наведваў Беларусь дзеля агляду зброі — пра гэта яму паведаміла крыніца, якая мае беспасярэдні доступ да інфармацыі пра гэты візіт (яна ж перадала і ліст).

Альянс расследавальнікаў Беларусі і «Кіберпартызаны» пацвярджаюць: чалавек на імя Эрык Дын Прынс (Eric Dead Prince) – поўны цёзка амерыканскага бізнесоўца, які ў 2020 годзе сапраўды наведваў Беларусь, прычым двойчы: 13–15 сакавіка і 13–16 чэрвеня. Адзначым, што ў чэрвені 2020-га ў Беларусі ўжо было неспакойна, частка ўдзельнікаў перадвыбарчай кампаніі ўжо была за кратамі, частка там апынецца адразу ж пасля візіту. Відавочна, што рэжым пачаў новы віток рэпрэсіяў супраць народу, але гэта не спыняла амерыканскага бізнесоўца ад пачатку супрацы з ім у вельмі супярэчлівай сферы – вытворчасці зброі і гандлі ёю.

Дакументы для рэдакцыі

Спыняўся Прынс у «Marriott Hotel» у Менску, пра што захаваліся звесткі ў сістэме рэгістрацыі замежнікаў.

Дакументы для рэдакцыі

Поўны цёзка другога падпісанта дакументу, Майкла, або ў расейскай версіі Міхаіла Юдэльсона, асобы вядомай у збройным бізнесе, наведваў Менск перыядычна з 2017 да 2019 года. Гэта таксама былі кароткатэрміновыя візіты, на дзень-два.

Дакументы для рэдакцыі

Мэт’ю Коўл у сваім расследаванні сцвярджае, што неаднаразова спрабаваў атрымаць інфармацыю адносна візіту Прынса ў Беларусь. Адвакат бізнесоўца запыт прыняў, але потым перастаў выходзіць на сувязь. Юдэльсон адмаўляе, што мае якое-кольвек дачыненне да ліста на імя Лукашэнкі, і кажа, што ягоная кампанія «DTX» не спрабавала закупляць зброі ў Беларусі ў 2020 годзе. Таксама Юдэльсон не ведае, ці ездзіў Прынс у Беларусь. Міністэрства замежных справаў Беларусі і амбасада ў Вашынгтоне ад каментароў Альянсу расследавальнікаў Беларусі адмовіліся.

«Blackwater»амерыканскае ахоўнае прадпрыемства, якое мела гэтую назву да 2009 года. Цяпер вядомае як «Academy». Былы марскі коцік Прынс заснаваў ПВК у 1997 годзе разам з Элам Кларкам. «Academy» лічыцца самай вядомай і адной з найбуйнейшых ПВК у свеце: паводле некаторых ацэнак, яна налічвае каля 21 тысячы работнікаў. Байцы кампаніі бралі ўдзел у войнах у Іраку і Афганістане, іхнымі паслугамі карыстаюцца страхавыя і нафтаздабыўныя кампаніі, а таксама прыватныя асобы.

Альянс расследавальнікаў Беларусі

Стужка навінаў