Украіна ацаніла шкоду ад вайны на 500 млрд долараў


Міністэрства фінансаў Украіны падлічыла шкоду ад вайны, якую развязала Расея: 500 млрд долараў. Пра гэта паведаміў міністр Сяргей Марчанка ў інтэрв’ю «Forbes».

Міністр фінансаў Украіны Сяргей Марчанка.
Фота: прэс-служба форуму Украіна 30

«Міністэрства эканомікі лічыла, што страты складуць ад траціны да паловы ВУП. Паводле нашай ацэнкі, гаворка ідзе пра 500 мільярдаў долараў. Дакладна можна будзе падлічыць толькі пасля вайны», – сказаў Марчанка.

Ён адзначыў, што цяпер забяспечана функцыянаванне скарбніцы: выплата падаткаў, сацыяльных плацяжоў, забеспячэнне арміі. Таксама было прынятае рашэнне аб павышэнні грашовага забеспячэння вайскоўцаў, якія вядуць баявыя дзеянні, да 100 000 грывень (каля 3400 долараў) за месяц.

«Міністру фінансаў, Кабінету Міністраў ваеннага часу цяпер не трэба прасіць у Вярхоўнай Рады права на пераразмеркаванне рэсурсаў. Мы можам праз рэзервовы фонд забяспечыць акумуляцыю любых рэсурсаў і перанакіроўваць іх на любыя патрэбы дзяржавы», – кажа Марчанка.

З пачаткам вайны павялічыўся ўзровень міжнародных сувязяў. «Такой колькасці перамоваў, як цяпер, у мірны час было цяжка ўявіць. Толькі сёння ў мяне быў званок міністра фінансаў Нідэрландаў, учора размаўляў з МВФ, перад гэтым быў Сусветны банк і сустрэча з міністрамі фінансаў G7. Узровень узаемадзеяння неймаверны аз гадзіну. Яны гатовы слухаць, чуць і прыцягвацца», – распавядае міністр фінансаў.

Сяргей Марчанка мяркуе, што негатыўныя наступствы вайны будуць каласальнымі: «На 10 вобласцяў, дзе ідуць баявыя дзеянні, прыпадае палова ВУП. Найважнейшы ўчастак – Харкаў, Кіеў і Марыупаль, якія ўносілі вельмі істотны ўнёсак у ВУП. Многія лагістычныя ланцужкі поўнасцю разарваныя, многія прадпрыемствы знішчаныя фізічна, некаторыя не могуць працаваць у рэжыме вайны, многія работнікі проста з’ехалі».

Таксама цяпер вялізныя бюджэтныя выдаткі і рэзка знізіліся даходы, але аднаўляць эканоміку Украіны плануюць з дапамогай заходніх краінаў і міжнародных інстытуцыяў.

АД belsat.eu

Стужка навінаў