Расея перакінула ў Беларусь каля 60 адзінак вайсковай тэхнікі


За апошнія некалькі дзён у Беларусь з Расеі прыбылі два эшалоны з тэхнікай Узброеных сілаў Расеі. Паводле інфармацыі праекту «Беларускі Гаюн», агулам расейцы прывезлі ў нашую краіну каля 60 адзінак тэхнікі.

Расейская тэхніка на станцыі «Палонка», 24 студзеня 2022.
Фота: modmilby / Telegram

8 снежня з гораду Чабаркуль, што ў Чэлябінская вобласці Расеі, выйшаў першы эшалон у Беларусь з вайсковай тэхнікай. Прыбыў цягнік на станцыю Палонка, што ў Баранавіцкім раёне, 12 снежня.

Цягнік даставіў у Беларусь каля 30-40 адзінак новых «Уралаў» Узброеных сілаў Расеі. Верагодна, што машыны прызначаныя дзеля забеспячэння вайскоўцаў РФ, якія знаходзяцца на палігоне «Абуз-Лясноўскі».

Следам 11 снежня з Расеі рушыў яшчэ адзін грузавы цягнік, які складаўся з 26 вагонаў-платформаў і перавёз каля 20 адзінак «Уралаў», БМП і бензавозы. 14 снежня гэты цягнік прыбыў у Палонку. Верагодна, што тэхніка, якую перавезлі, прызначаная для забеспячэння вайскоўцаў на палігоне «Абуз-Лясноўскі».

У выніку меней чым за тыдзень Расея перакінула ў Беларусь каля 60 адзінак вайсковай тэхнікі.

Алена Аляксандрава belsat.eu

Стужка навінаў