Пісьменніца Святлана Курс: Трэба памятаць, што ідзе вайна, але паводзіць сябе культурна


Грамадзяне Расеі сёлета актыўна рэзервуюць гатэлі ды апартаменты ў Беларусі на навагоднія вакацыі. Сярод лідараў рэйтынгу – Менск, Берасце і Горадня. Пісьменніца Святлана Курс мяркуе, што цешыцца тут не найлепшы варыянт, бо вайна з боку расейцаў вядзецца не толькі супраць Украіны, але і супраць Беларусі. Пра гэта яна разважала ў жывым эфіры «Белсату». 

Цалкам размову глядзіце тут:

«Больш асцерагацца, чым цешыцца, але ж і памятаць, што гэта ўсё ж такі гэта людзі, што ў наш час гэта не проста – памятаць, што расейцы – таксама людзі», – адказала Святлана Курс на пытанне ці варта цешыцца таму, што ў Беларусь едуць турысты з Расеі і даюць магчымасць зарабіць нашай краіне.

«Трэба памятаць, што мы ў той няпростай сітуацыі, калі ідзе вайна і не толькі супраць Украіны, але і супраць нас. Супраць Украіны вядзецца гарачая вайна з дапамогаю зброі, этнацыду і генацыду,  а супраць нас вядзецца русіфікацыя, вынішчэнне і сціранне беларускай тоеснасці. Вы можаце самі пабачыць маркеры: беларускія творцы альбо выгнаныя за мяжу, альбо сядзяць у турмах, як Павел Белавус, які асуджаны фактычна за тое, што ён беларускі нацыяналіст. Дунін-Марцінкевіч нават забаронены», – разважае Святлана Курс, падкрэсліваючы, што гэта вельмі вострая сітуацыя.

І ўсё ж, паводле пісьменніцы, найперш на кожнага чалавека, які да нас прыязджае, мы мусім глядзець як на чалавека, але не прыніжаючы сябе:

«Мы – беларусы, мы – ліцвіны. І мы павінныя памятаць пра нашую спадчыну, горда несці галаву, любіць сваё і рабіць тое, што нам належыць».

Нагадвае і пра тое, што выцясненне беларусаў са сваёй зямлі расейцамі адбываецца не ўпершыню, і гісторыя мае таму доказы:

«Мы нядаўна хадзілі на могілкі ў Варшаве, на Павонскія. Там ляжаць многія паўстанцы беларускія, якія мелі маёнткі свае ў Беларусі. Пасля таго, як яны нават прыехалі з Сібіры, ім забаранілі на бацькаўшчыне сяліцца, а замест гэтага завезлі асаднікаў з Расеі. Гэта тое сама. Мы ідзём па тым самым коле. І тут спаборніцтва толькі ў тым, хто каго сатрэ, хто каго знішчыць з ментальнай мапы».

На думку пісьменніцы, расейцы вельмі б хацелі, каб Беларусь для іх сталася «такою Прыбалтыкай», але больш пакорліваю, больш расейскаю, чымся сама Расея, і зручнай. У такім выпадку нас гатовыя будуць цярпець як «братоў сваіх меншых».

«А калі ты зробішся беларусам, гэта ім не спадабаецца, яны пастараюцца цябе сцерці з ментальнай мапы. Як вядома, яны ўсё робяць для гэтага», – кажа спадарыня Святлана і прыгадвае нядаўнюю пастанову стварыць філіялы расейскіх навучальных установаў у нашай краіне.

Пісьменніца ўпэўненая: каб захаваць сябе і сваю спадчыну, трэба памятаць, што беларус вызначаецца не пашпартам, а ментальнасцю:

«У нас толькі адна задача – не быць скотам, не быць рабом, не быць нявольнікам, не плакаць горкімі і радаснымі слязьмі пад чужым ярмом».

Здымак вокладкі: Белсат

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў