У прадстаўнікоў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі праходзяць ператрусы


Адбываюцца ператрусы ў прадстаўнікоў непрызнанага ўладамі Саюзу палякаў у Беларусі, паведаміў прадстаўнік арганізацыі Марэк Занеўскі.

«У гэты момант у кватэрах старшыні рады СПБ Ірэны Валюсь і віцэ-прэзідэнта Рэнаты Дземянчук праходзяць ператрусы. Тэлефоны актывістаў не адказваюць», – напісаў Занеўскі ў Facebook.

Гэтыя актывісты засядаюць у органах кіравання ТАА «Клерыгата», якое займаецца пазашкольнай адукацыяй, на базе якога Саюз палякаў у Беларусі вядзе сваю дзейнасць.

У гутарцы з «Белсатам» прадстаўнік кіраўніцтва арганізацыі Марэк Занеўскі паведаміў, што ператрусы, хутчэй за ўсё, праходзяць таксама ў гарадзенскім офісе Саюзу і на кватэрах яшчэ двух актывістаў – гэтыя людзі не адказваюць на тэлефонныя званкі.

Пакуль невядома, ці будуць прынятыя меры стрымання ў дачыненні да Ірэны Валюсь і Рэнаты Дземянчук, напрыклад, у выглядзе арышту. Аднак у арганізацыі мяркуюць, што актывістаў будуць лічыць падазраванымі па крымінальнай справе за «дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі».

На пытанне, ці звязаныя ператрусы з ліквідацыяй моўнай школы «Клерыгата», прадстаўнік Саюзу палякаў ў Беларусі адказаў адмоўна:

«Улады лічаць, што Клерыгата, якая вядзе моўныя курсы, – гэта прыкрыццё Саюзу палякаў у Беларусі. Крымінальная справа тычыцца «незарэгістраванай арганізацыі», гэта значыць СПБ. Аднак пакуль мы не ведаем падрабязнасцяў», – сказаў Марэк Занеўскі, запэўніўшы, што Саюз паінфармуе аб дзейнасці службаў, як толькі атрымае дадатковую інфармацыю.

Нагадаем, раніцаю 14 лістапада стала вядома, што ў Горадні хочуць ліквідаваць ТАА «Клерыгата», якое, паводле пракуратуры, «незаконна ажыццяўляла дзейнасць Саюзу палякаў у Беларусі». Таксама распачатая крымінальная справа супраць службовых асобаў паводле арт. 193-1 КК за незаконную арганізацыю дзейнасці грамадскага аб’яднання і ўдзел у ім.

Падставаю для такога рашэння сталі вынікі праверкі пракуратуры Гарадзенскай вобласці і Камітэту дзяржаўнага кантролю.

Hавiны
У Горадні хочуць зліквідаваць таварыства, якое «незаконна ажыццяўляла дзейнасць Саюзу палякаў у Беларусі»
2022.11.14 12:14

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў