Арцём Праскаловіч: МУС не можа атрымаць звестак законным шляхам


МУС Беларусі пагражае сваім грамадзянам, якія цяпер жывуць за мяжой, прыцягненнем да адказнасці за прыхоўванне звестак аб атрыманні віду на жыхарства і грамадзянства ў іншых краінах. У сваю чаргу юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч папярэджвае, што падаваць такія звесткі можа быць небяспечна, і раіць не паддавацца пагрозам сілавікоў. Пра гэта ён распавёў у жывым эфіры «Белсату».

Цалкам размову глядзіце тут:

Мэтай МУС, паводле Арцёма Праскаловіча, можа быць выяўленне нелаяльных да рэжыму грамадзянаў і іхны ўлік для далейшых захадаў:

«Гэта можа быць класічная стоадсоткавая камуналка, стоадсоткавая аплата атрымання адукацыі, медычных паслуг і гэтак далей. Для чаго гэтая база можа спатрэбіцца рэжыму – незразумела, але варта апынуцца ў ёй як мага пазней, каб не даваць дадатковых інструментаў у рукі гэтай машыне».

Юрыст падкрэслівае, што пакуль ніякага пакарання за непадпарадкаванне патрабаванням сілавікоў не існуе, але ў далейшым яно не выключанае:

«Відавочна, што будзе адміністратыўны штраф, хутчэй за ўсё, але тут варта сказаць тое, што спадар Бягун пужае людзей, кажа: бяжыце хутчэй, пакуль не згаслі гэтыя тры месяцы, якія вам далі на тое, каб вы склалі гэтую заяву. І тут, вядома, таксама варта адзначыць, што ў адной толькі Польшчы 65 тысяч відаў на жыхарства было выдадзена на пачатак бягучага года. І калі яны кажуць пра 6,5 тысячы, то гэта, хутчэй за ўсё, тыя звесткі, якія ўжо маглі быць, якія яны сабралі з тых жа дзяржаўных службоўцаў, якіх абавязалі здаць карту паляка, умоўна кажучы».

Арцём Праскаловіч
Юрыст Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Арцём Праскаловіч у эфіры «Белсату». Скрыншот: Belsat News / Youtube

Эксперт мае спадзеў на тое, што рэжым не пойдзе на увядзенне прамінулаю датай адказнасці за «нібыта парушэнне заканадаўства», і заклікае не несці свае персанальныя звесткі ў рукі рэжыму.

«Варта адзначыць, што законным шляхам яны ніяк не могуць атрымаць гэтыя звесткі, толькі ад чалавека добраахвотна або ў такіх канфліктных сітуацыях на мяжы, калі памежнік пытае, на якой падставе вы збіраецеся ўязджаць у Польшчу, Літву і гэтак далей. І калі ў чалавека няма візы, ён вымушаны прызнацца ў тым, што ў яго ёсць нейкі іншы дакумент».

Таму акурат для гэтай катэгорыі людзей, пры ўмове ўвядзення адказнасці, юрыст раіць яшчэ раз прааналізаваць, як часта яны мінаюць беларускую мяжу, ці могуць абысці падобныя патрабаванні памежнікаў і ці гатовыя аплаціць магчымы штраф.

Марыя Голдстэйн belsat.eu

Стужка навінаў