МУС хоча пералічыць беларусаў з замежным ВНЖ і грамадзянствам


У беларусаў, якія маюць від на жыхарства або грамадзянства іншай краіны, застаўся ўсяго месяц, каб заявіць пра гэта ў МУС. У адваротным выпадку ведамства пагражае прыцягнуць неслухмяных да адказнасці. Але ёсць нюанс. Нават два: адказнасць законам не прадугледжаная, і самі сілавікі кажуць, што і так ведаюць усіх, хто мае замежныя дакументы. Навошта тады ўвесь гэты сыр-бор? 

Глядзіце сюжэт у нашым відэа:

Калі беларусы не паведамяць органам пра наяўнасць віду на жыхарства або грамадзянства іншай краіны, Міністэрства ўнутраных справаў абяцае прыняць захады. Два з трох месяцаў, якія адвялі, каб здацца, ужо мінулі.

«Мы настойліва рэкамендуем цягам гэтага месяца, калі яшчэ будзе дзейнічаць гэтая норма, паведаміць органам МУС або органам дыпламатычнай службы з той простай прычыны, што ў далейшым МУС будзе вывучаць гэтую праблематыку, а таксама ў выпадку неабходнасці рыхтаваць адпаведныя прапановы аб адказнасці грамадзянаў Беларусі, якія своечасова не адправілі нам адпаведнага паведамлення», – заявіў начальнік Дэпартаменту грамадзянства і міграцыі МУС Аляксей Бягун.

Абавязак інфармаваць адпаведныя органы з’явіўся з унясеннем змяненняў у закон «Аб грамадзянстве», які набыў моц 11 ліпеня.

«Характэрна больш для нейкіх аўтарытарных краінаў, як, напрыклад, для Расеі, але казаць пра нейкія прамыя парушэнні тут нельга. Тут, напэўна, лепей казаць пра практыку, як гэтыя новыя змены ў заканадаўстве ўжываюцца, ці не прымяняецца гэта для нейкага незаконнага ціску на людзей», – пракаментавала юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва.

Паводле інфармацыі МУС, шэсць з паловаю тысяч беларусаў ужо выканалі гэтае патрабаванне і добраахвотна паведамілі пра наяўнасць замежных дакументаў.

«Улада працягвае свае дзеянні па пакаранню ўсіх тых людзей, якія жывуць за межамі Беларусі незалежна ад таго, ці яны па палітычных матывах зʼехалі або даўно, яшчэ да 2020 году, усё роўна яны ворагі, падазроныя, нелаяльныя і іх трэба караць», – лічыць палітычны аглядальнік Віталь Цыганкоў.

Разам з заклікам прыходзіць і здавацца МУС запэўнівае, што ведае пра людзей, якія маюць на руках замежнае грамадзянства ці від на жыхарства.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Чэшскае ВНЖ і ПМЖ.
Фота: podebrady.ru

«Абсалютна не сябруе спадар Бягун, кіраўнік дэпартаменту, з фармальнай логікай. Калі ж у вас ёсць база тых, хто мае ВНЖ і грамадзянства, то навошта людзей прасіць зрабіць самаданос? У вас жа і так ёсць усе даныя. Нестыковачка», – напісаў у сваіх сацыяльных сетках сузаснавальнік фонду «BYSOL» Андрэй Стрыжак.

Калі сілавікі і маюць нейкія звесткі пра наяўнасць у беларусаў замежных дакументаў, то гэта тое, што ўносілася ў розныя базы раней, напрыклад, падчас перасячэння мяжы, лічыць прадстаўнік ініцыятывы «BELPOL» Уладзімір Жыгар:

«На наш погляд, рэжым не мае ніякай магчымасці ў рэжыме рэальнага часу атрымліваць інфармацыю пра тое, ці ёсць у чалавека від на жыхарства або грамадзянства той ці іншай краіны. Хутчэй рэжым выдае жаданае за рэчаіснасць».

Паведаміць пра свае замежныя дакументы прапануецца некалькімі шляхамі: уласна прыйсці ў аддзел МУС у Беларусі або ў прадстаўніцтва Беларусі за мяжою.  Туды ж можна даслаць паведамленне праз пошту. Можна падаць паведамленне праз сістэму «обращения.бел» ці «platform.gov.by». Адпаведная форма знайшлася і на сайце беларускай амбасады ў Польшчы. Рабіць гэта ці не – справа кожнага.

«Каб зʼявілася адказнасць за непаведамленне, трэба яшчэ раз унесці змены ў заканадаўства, і толькі з таго моманту, як гэтая змена ўступіць у сілу, можна прыцягваць людзей да адказнасці», – кажа юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва.

Паводле Дэпартаменту ААН у эканамічных і сацыяльных пытаннях, да 2020 года за межамі краіны жылі каля паўтара мільёна беларусаў. За апошнія тры гады ў выніку паслявыбарчых рэпрэсіяў і эканамічнага крызісу з Беларусі магло выехаць яшчэ каля паўмільёна чалавек.

Аліна Скрабунова, «Белсат»