Беларусаў у Польшчы ўжо не менш за 300 тысяч. Міграцыя паскорылася


Беларусаў у Польшчы ўжо не менш за 300 тысяч, расказалі журналістам у Цэнтры беларускай салідарнасці. Даволі шмат беларусаў пераехала за апошнія паўгода, і прычынамі гэтага могуць быць як рэпрэсіі ў Беларусі, так і спрашчэнне бюракратычных працэдураў у Польшчы.

Вольга Дабравольская
Юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская. Варшава, Польшча. 24 жніўня 2023 года.
Фота: Белсат

Колькі беларусаў у Польшчы

Дакладнай колькасці беларусаў у Польшчы Цэнтр беларускай салідарнасці не ведае: польскія ўлады збіраюць статыстыку паводле асобных аспектаў, як то колькасць выдадзеных візаў і відаў на жыхарства, але не лічаць, колькі беларусаў усяго перабывае ў краіне.

Яшчэ нядаўна Цэнтр беларускай салідарнасці лічыў, што ў Польшчы жывуць каля 150 тысяч беларусаў, а цяпер кажа пра больш як 300 тысяч. Вядомыя вось якія лічбы.

  • 91 тысяча грамадзянаў Беларусі мае выдадзены Польшчаю дзейны дакумент на права на пражыванне ў Польшчы (у жніўні 2020 года такіх было ўсяго 28 тысяч).
  • 48 063 з іх маюць часовы побыт (від на жыхарства), 35 749 – сталы ВНЖ, 5231 – дадатковую абарону, 1022 – дазвол на побыт доўгатэрміновага рэзідэнта Еўразвязу, 445 – часовую абарону, 463 – статус уцекача, 81 – іншыя падставы.
  • 23 468 дазволаў на часовы побыт было выдадзена беларусам толькі цягам першых шасці месяцаў 2023 года – гэта ўжо на тры сотні больш, чым за цэлы 2022 год.
  • 90 % адказаў на звароты беларусаў па від на жыхарства ў Польшчы – станоўчыя. За 2021, 2022 і першую палову 2023 года беларусы падалі 81 002 такія звароты на часовы і сталы побыт, а таксама на доўгатэрміновае рэзідэнцтва ў Еўразвязе, адмоваў было 8434.
  • 52 436 гуманітарных візаў і 113 906 візаў «Poland Business Harbour» было выдадзена беларусам ад Польшчы з 10 жніўня 2020 года да 30 чэрвеня 2023-га (раней была прыблізна аднолькавая колькасць заявак на гуманітарныя і бізнесовыя візы.
  • 3757 гуманітарных відаў на жыхарства было выдадзена цягам 2023 года – пры тым, што з пачатку года падалі толькі 2223 заявы на такія дакументы (у 2023 годзе выдавалі і дакументы па заявах, пададзеных у 2022 годзе).
  • 7427 беларусаў звярталіся ў Польшчы па міжнародную абарону з 2020 года, пік прыпаў на 2022 год – 4426 беларусаў звярнуліся па міжнародную абарону з 24 лютага 2022 года да 30 ліпеня 2023 года, з іх 1631 – у 2023 годзе. Станам на 30 чэрвеня на разглядзе застаюцца 886 справаў.
  • 414 разоў беларусам у Польшчы выдавалі статус уцекача за 2021, 2022 і першую палову 2023 года – гэта амаль у 14 разоў менш, чым давалі дадатковую абарону.
  • 99 % беларусаў атрымліваюць пазітыўныя рашэнні аб міжнароднай абароне ў Польшчы. З 2021 да 2023 год было толькі 56 негатыўных рашэнняў, з іх 24 – у бягучым годзе. Пры тым Польшча прыняла каля 70 % ад усіх заяваў на міжнародную абарону беларусаў у Еўразвязе.
  • 54 % заяваў на від на жыхарства ў Польшчы ад беларусаў у 2023 годзе – на падставе працы, 15 % – на падставе ўз’яднання сям’і, 3 % – на падставе вучобы, 28 % – з іншых прычынаў. Доля легалізацыі ў звязку з працаю падае, тады як легалізацыя з гуманітарных прычынаў павялічваецца.
Разбор
Як беларусу атрымаць візу ў краіну Еўразвязу? Спыталі візавых пасярэднікаў пра тры сцэнары
2023.02.13 07:04

Міграцыя беларусаў у Польшчу паскараецца

Юрыстка Цэнтру беларускай салідарнасці Вольга Дабравольская кажа, што прычынамі паскарэння міграцыі могуць быць і рост рэпрэсіяў у Беларусі, і спрашчэнне легалізацыі ў Польшчы, як то з’яўленне гуманітарных відаў на жыхарства. Яна адзначае актыўнасць беларускіх мігрантаў: за мінулы год беларусы і ўкраінцы ў Польшчы адкрылі больш фірмаў, чым палякі ды іншыя замежнікі, разам узятыя.

Яшчэ з 2019 года беларусы былі другой паводле колькасці групаю замежнікаў у Польшчы – больш толькі ўкраінцаў. Потым палякі фіксавалі два пікі міграцыі з Беларусі ў Польшчу: пасля выбараў-2020 і пасля пачатку вайны ва Украіне.  Пасля 2021 года беларусы сталі самай буйной групай, якая падавала заявы на міжнародную абарону ў Польшчы.

Дабравольская звяртае асаблівую ўвагу на легалізацыю дзяцей, народжаных беларусамі ў Польшчы: грамадзянства па месцы нараджэння, як у Злучаных Штатах, у Польшчы не даюць, але беларусам не трэба выязджаць у Беларусь, каб легалізаваць народжанае ў Польшчы дзіця. Нават не абавязкова хадзіць у амбасаду ці консульства: калі ёсць абгрунтаваныя падставы чакаць пераследу, лепей падаць дакументы на міжнародную абарону. Дзеці могуць атрымаць той жа легальны статус, што і бацькі: міжнародную абарону на падставе такога статусу ў бацькоў, а замест пашпарту – польскі праязны дакумент.

Разбор
Зарэгістраваць шлюб, развесціся, памяняць пашпарт: як зрабіць гэта за мяжою
2023.05.14 07:00

Дзе беларусы селяцца ў Польшчы

Большая частка беларусаў атрымоўвае дазвол на побыт у Мазавецкім ваяводстве – «Варшаўскай вобласці» Польшчы. У першай палове 2023 года беларусы звярталіся па дазвол на побыт менавіта там у 34,5 % выпадкаў.

Яшчэ ў 15 % выпадкаў звярталіся ў Падляскім ваяводстве («Беластоцкая вобласць») і ў 10,6 % – у Паморскім ваяводстве («Гданьская вобласць»).

Найменш папулярнае ваяводства Польшчы ў беларусаў – Апольскае з 0,35 % дазволаў на побыт беларусам у першай палове 2023 года.

Дыскрымінацыі беларусаў становіцца менш

Скаргі аб дыскрымінацыі беларусаў у дзяржаўных органах адзінкавыя – іх ужо істотна менш, чым у першыя месяцы пасля поўнамаштабнай вайны ва Украіне, расказвае Дабравольская. Дыскрымінацыя часцей праяўляецца на побытавым узроўні, але і такіх выпадкаў робіцца менш. Галоўная праблема – даказаць паліцыі, што злачынства было на падставе нянавісці, а не простым крыміналам.

У дзяржаўных органах часцей, кажа яна, праблемы выкліканыя тым, што некаторыя дзяржаўныя службоўцы кепска ведаюць уласныя правілы і законы, а зусім не тым, што беларусаў хочуць дыскрымінаваць. У такіх выпадках дапамагаюць афіцыйныя пісьмовыя скаргі.

Hавiны
Беларусы ў Польшчы за пяць месяцаў учынілі 277 злачынстваў. Гэта шмат ці мала?
2023.08.22 11:09

Цэнтр рады дапамагчы, але бракуе рук

Запыты беларусаў на юрыдычную дапамогу змяніліся, адзначыла Дабравольская: калі раней асноўныя пытанні былі пра міграцыйнае права, то цяпер беларусы пытаюць пра юрыдычныя аспекты бізнесу і актывізму ў Польшчы. Хоць адмовы ў легалізацыі рэдкія, Цэнтру беларускай салідарнасці даводзіцца займацца і імі – і абскарджваць некаторыя адмовы ўдаецца.

Юрыстка наракае: на інфалінію Цэнтру паступае не менш за паўсотні зваротаў на дзень, даводзіцца пашыраць штат, а рэсурсаў мала. Пры тым некаторыя беларусы ўспрымаюць Цэнтр як нейкі абавязковы сэрвіс або як службу офісу Святланы Ціханоўскай – і чакаюць хуткага абслугоўвання.

Тым не менш, Цэнтр беларускай салідарнасці па-ранейшаму заклікае звяртацца з юрыдычнымі пытаннямі на інфалінію праз нумар +48662200400 або ў Telegram-акаўнт @cbshelp .

Галоўная праблема Цэнтру беларускай салідарнасці, кажа Дабравольская, у змаганні з бяздзеяннем дзяржаўных органаў у Польшчы: рашэнні аб справах беларусаў не выдаюцца своечасова, нават у простых справах кшталту віду на жыхарства паводле гуманітарнай візы (асабліва доўга – у Вроцлаве, дзе рашэння можна чакаць год ці паўтара). Таксама цяжка прасіць карэктаваць заканадаўства: у тым жа гуманітарным ВНЖ новыя хібы знаходзяцца раз на некалькі месяцаў, а польскія чыноўнікі не заўсёды гатовыя так часта правіць законы.

Каментар
Беларусы ў Польшчы губляюць пільнасць. КДБ можа нашкодзіць і там
2023.02.16 20:44

Алесь Наваборскі belsat.eu

Стужка навінаў