У Беларусі паскорыўся рост цэнаў на харчы


Еўразійскі банк развіцця паведаміў, што ў Беларусі паскорыўся рост цэнаў на харчы і паслугі. Гэта наступствы росту нутранога попыту, адзначаецца ў штотыднёвым аглядзе ЕАБР.

Жанчыны набываюць прадукты ў краме. Менск, Беларусь.
Фота: Белсат

Гадавая інфляцыя ў Беларусі працягвае запавольвацца, зазначаюць аналітыкі Еўразійскага банку развіцця. У ліпені цэны выраслі на 2,7 % год да года, у чэрвені было 2,9 %, а ў траўні – 3,7 % год да года.

На агульную статыстку найперш уплывае зніжэнне цэнаў на нехарчовыя тавары: у ліпені – на 2 % год да года.

«На такую дынаміку інфляцыі ўплывае цэнавае рэгуляванне, што абмяжоўвае гранічны памер гандлёвай надбаўкі. Умацаванне беларускага рубля да расейскага магло стаць дадатковым чыннікам стрыманай дынамікі цэнаў на нехарчовыя тавары», – гаворыцца ў аглядзе ЕАБР.

Адначасова пачалі выяўляцца наступствы павелічэння нутранога попыту, адзначаюць аналітыкі банку. Павысіліся тэмпы росту цэнаў на харчы (3,9 % год да году ў ліпені ў параўнанні з 3,6 % у чэрвені) і на паслугі (7,1 % у ліпені, у чэрвені было 6,9 %).

«Цэнавы ціск, што захоўваецца праз пашырэнне нутранога попыту і дэфіцыту на рынку працы, паводле нашай ацэнкі, прывядзе да паскарэння інфляцыі ў чацвёртым квартале», – пішуць эксперты Еўразійскага банку развіцця.

Hавiны
«У іх цэны растуць, а мы чэмпіёны». Міністр гандлю пахваліўся нізкай інфляцыяй у Беларусі
2023.08.14 10:01

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў