Ліпень 2021 года стаў самым спякотным месяцам за гісторыю назіранняў


У Еўропе гэты ліпень «дзеліць другое месца»: яшчэ спякотней было ў 2018 годзе і так жа спякотна – у 2010-м. Агулам па свеце – абсалютны рэкорд.

Ілюстрацыйная выява.
Фота: VASILY FEDOSENKO / Reuters / Forum

Нацыянальны цэнтр інфармацыі аб навакольным асяроддзі Злучаных Штатаў апублікаваў статыстыку аб тэмпературы ў ліпені 2021 года: пабіты сусветны рэкорд спёкі за ўвесь час назіранняў.

Сярэдняя тэмпература паветра на зямлі і на паверхні акіяну па свеце склала за ліпень рэкордныя 15,8°С, што перавысіла сярэднюю норму мінулага стагоддзя на 0,93°С. Гэта самая высокая тэмпература за 142 гады назіранняў. Мінулы рэкорд ліпеня, ніжэйшы на 0,01°С, трымаўся з 2016 года, паўтараўся ў 2019 і 2020 гадах.

Тэмпература ў паўночнай палове планеты пабіла рэкорд 2012 года і была вышэйшай за норму на 1,54°С. Пры тым у асобна ўзятай Еўропе рэкорд не абнавіўся, ліпень быў такім жа цёплым, як у 2010-м, а гэта другое месца пасля рэкорднага 2018-га.

Але хваля спёкі ў канцы ліпеня даводзіла тэмпературы ў Еўропе да вышэйшых за 40°С.

Падобна, пішуць навукоўцы, што 2021 год цалкам увойдзе прынамсі ў 10 самых спякотных у гісторыі.

Навукоўцы па ўсім свеце звязваюць пацяпленне і змену клімату з дзейнасцю чалавека – і наступствы гэтай дзейнасці хутка становяцца мацнейшымі. Спёка не толькі дакучае людзям, якія любяць прахалоду, але і выклікае надзвычайныя лясныя пажары, і выклікае анамальнае таянне ледавікоў (у Арктыцы ледзяное покрыва было яшчэ меншым толькі ў 2012, 2019 і 2020 гадах, у Антарктыцы – найменшым з 2015-га).

У Беларусі ў ліпені пабілі дзясяткі тэмпературных рэкордаў, тэмпература часам перавышала +35°С. У жніўні спёка не адступае. Белгідрамет абвясціў жоўты ўзровень небяспекі на 14 і 15 жніўня – тэмпература паветра мае перавысіць +30°С.

Глабальнае пытанне
Лукашэнка стаў прычынай экакатастрофы?
2021.07.27 20:34

АА belsat.eu

Стужка навінаў