17 ліпеня заканчваецца «збожжавая ўгода». Што далей?


17 ліпеня заканчваецца так званая збожжавая ўгода, удзельнікамі якой ёсць ААН, Турцыя, Расея і Украіна. Новай угоды пакуль няма. Разбіраемся, што будзе далей.

17 ліпеня заканчваецца тэрмін, да якога ў траўні была падоўжаная «збожжавая ўгода», паводле якой Расея разблакоўвала чарнаморскія парты для экспарту ўкраінскага збожжа, а сама чакала выканання яе ўмоваў, звязаных з экспартам расейскага харчавання і ўгнаенняў. Пазней былі агучаныя і некаторыя іншыя расейскія ўмовы, кшталту перападлучэння да плацежнай сістэмы SWIFT і экспарту расейскага аміяку праз порт Адэсы. З моманту заключэння ўгоды 22 ліпеня 2022 года яна неаднаразова прыпынялася, аднаўлялася і падаўжалася на новы тэрмін. Лічыцца, што аднаўленне экспарту ўкраінскага збожжа паспрыяла зніжэнню сусветных цэнаў на харчаванне. Цяпер жа ўгода на мяжы канчатковага спынення. Украіна кажа пра існаванне плану Б, які можа быць зрэалізаваны і без удзелу Расеі.

Загрузка збожжа.
Фота: Міністерство інфраструктури України / Facebook

Апошнія навіны з перамоваў пра «збожжавую ўгоду»

На сёння выглядае так, што лёс так званай збожжавай угоды (ці Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы) залежыць ад таго, ці адбудзецца сустрэча альбо тэлефонная размова прэзідэнта Расеі Уладзіміра Пуціна і прэзідэнта Турцыі Рэджэпа Таіпа Эрдагана. Паводле прэсавага сакратара прэзідэнта Расеі Дзмітрыя Пяскова, пакуль што такога кантакту ў графіку расейскага лідара няма, але ён можа і зʼявіцца.

«Не, на дадзены момант размовы не было, але пры неабходнасці яна зʼявіцца ў графіку. Пуцін з Эрдаганам вельмі хутка, аператыўна ўзгадняюць тэлефонныя кантакты. Калі спатрэбіцца, то такое абмеркаванне адбудзецца. Але пакуль у плане ўгоды нічога не памянялася і нічога новага мы вам сказаць не можам», – цытуе Пяскова «РИА Новости».

Паводле Расеі, падаўжэнню ўгоды перашкаджае адсутнасць зрухаў у выкананні расейскіх умоваў. 10 ліпеня міністр замежных справаў Расеі Сяргей Лаўроў з гэтай нагоды заявіў, што высілкі ААН у выкананні расейскай часткі стамбульскіх пакетных дамоўленасцяў не прынеслі ніякага выніку.

«Што тычыцца расейскай часткі гэтага пакету, то яна ўвогуле не выконвалася ні ў адным са сваіх пунктаў. Мы ўжо шмат-шмат месяцаў чуем ад прадстаўнікоў сакратарыяту ААН, генеральнага сакратара, ягоных намеснікаў, якім даручана гэтым займацца, што яны прыкладаюць неймаверныя намаганні. Гэтыя неймаверныя намаганні не прынеслі ніякага выніку наогул», – сказаў расейскі міністр.

7 ліпеня пасля перамоваў з прэзідэнтам Украіны Уладзімірам Зяленскім Эрдаган казаў, што абмяркоўвалі і збожжавую ініцыятыву.

«17 ліпеня заканчваецца тэрмін дзеяння гэтай ініцыятывы, дзякуючы якой за год праз турэцкія пратокі было дастаўлена прыкладна 33 млн тонаў збожжа. Спадзяюся, што гэтая ініцыятыва будзе працягвацца. Мы спадзяемся, што ўгода будзе падаўжацца хаця б раз на тры месяцы, а не кожныя два месяцы», – заявіў Эрдаган.

Паводле кіраўніка Турцыі, перамовы з Пуціным плануюцца ў жніўні.

У сваю чаргу, прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі падчас сумеснага брыфінгу з прэзідэнтам Турцыі 7 ліпеня заявіў, што ўвесь свет зацікаўлены ў працы «збожжавага калідору» для экспарту ўкраінскага збожжа, а таму яго функцыянаванне не павінна залежаць ад РФ.

«Увесь свет зацікаўлены, каб працаваў “збожжавы калідор”. Вельмі важна, каб мы пачалі так дзеяць з партнёрамі, каб жыццё “збожжавага калідору”, а значыць, і жыццё людзей на іншых кантынентах, уключаючы Азію і Афрыку, не залежала ад настрою, з якім прачнуўся прэзідэнт РФ. У нас ёсць на сёння гэты “калідор”. Ён не вольны, а менавіта такі – структураваны і складаны – таму, што Расея блакуе Чорнае мора. Мы не можам збірацца кожны раз, каб думаць, як людзям у свеце пражыць наступныя два месяцы і як зноў дамаўляцца. Таму вельмі трэба, каб гэты “калідор” не залежаў ад жадання адной дзяржавы», – сказаў Уладзімір Зяленскі.

Нагадаем, з перамоваў у Турцыі Зяленскі вярнуўся дамоў з камандзірамі палка «Азоў», што Масква палічыла парушэннем яе пагадненняў з Анкарой, паводле якіх абаронцы «Азоўсталі» і Марыупалю павінны былі заставацца на турэцкай тэрыторыі да канца вайны.

Лёс экспарту ўкраінскага збожжа, вядома ж, абмяркоўвалі і падчас саміту NATO ў Вільні 11–12 ліпеня.

Hавiны
Ва Украіну вяртаюцца вызваленыя з палону камандзіры абаронцаў «Азоўсталі»
2023.07.08 20:08

Як працавала «збожжавая ўгода»

Пакет пагадненняў Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы («збожжавая ўгода») быў падпісаны 22 ліпеня 2022 года. Як паведамляў тады «Белсат», дакумент падпісалі ў Стамбуле міністр інфраструктуры Украіны Аляксандр Кубракоў, міністр абароны Турцыі Хулусі Акар і генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш. Такі ж дакумент падпісалі прадстаўнікі Турцыі, ААН і Расеі, якую рэпрэзентаваў міністр абароны РФ Сяргей Шайгу. Украіна тады асобна патлумачыла, што падпісвае ўгоду не з Расеяй, а з ААН і Турцыяй.

Згодна з пагадненнем, кантроль партоў «Адэса», «Чарнаморск» і «Паўднёвы» заставаўся за ўкраінскім бокам. Забаранялася прысутнічаць у гэтых партах іншым караблям, акрамя тых, што мусяць забяспечваць экспарт збожжа і звязаных з ім харчоў і ўгнаенняў. Караблі павінны былі праходзіць бяспечнымі фарватарамі і без вайсковага суправаджэння. Перад трапляннем ва Украіну і на зваротным шляху караблі праходзяць надгляд.

З нагоды падпісання «збожжавай угоды» генеральны сакратар ААН Антонью Гутэрыш заявіў, што Стамбульскі дакумент (яшчэ адна неафіцыйная назва «збожжавай угоды») дапаможа пазбегчы катастрофы з недахопам харчоў для мільёнаў людзей ува ўсім свеце.

«Гэта маяк надзеі, магчымасці і палёгкі», – напісаў тады кіраўнік ААН.

Спачатку Стамбульскі дакумент дзеяў 120 дзён. Аднак ужо 23 ліпеня 2022 года Расея нанесла ўдар высокадакладнымі крылатымі ракетамі «Калібр» па Адэскім марскім порце. Дзве ракеты з чатырох трапілі ў абʼекты інфраструктуры порту, у выніку чаго ўзнік пажар, але збожжа не пацярпела.

1 жніўня 2022 года з Чарнаморскага порту выйшаў першы карабель з 26 тыс. тонаў украінскага збожжа на борце. За два з нечым месяцы пасля пачатку дзеяння «збожжавай угоды» з Украіны ўдалося вывесці 7 млн тонаў сельскагаспадарчай прадукцыі, а кошты на пшаніцу ўпалі да паказнікаў даваеннага ўзроўню.

29 кастрычніка 2022 года беспілотнікі атакавалі караблі ў бухце Севастопалю. Былі пашкоджаныя чатыры расейскія вайсковыя караблі. У той жа дзень Расея бестэрмінова прыпыніла свой удзел у «збожжавай угодзе», абвінаваціўшы Украіну і Вялікую Брытанію ва ўдары з дапамогай беспілотнікаў.

30 кастрычніка 2022 года Украіна вымушана прыпыніла экспарт збожжа, таму што Расея заблакавала «збожжавы калідор». Усяго, паводле звестак Міністэрства інфраструктуры Украіны, спынілася 218 караблёў. Нягледзячы на пазіцыю Расеі, у той жа дзень, 30 кастрычніка, Кіеў, Анкара і ААН узгаднілі рух 14 караблёў у Чорным моры. 1 лістапада зʼявілася паведамленне, што адбылася тэлефонная размова паміж Пуціным і Эрдаганам, пасля чаго рух караблёў аднавіўся, бо Украіна праз прэзідэнта Турцыі дала абяцанне не выкарыстоўваць гуманітарных калідораў для ваенных мэтаў.

17 лістапада 2022 года бакі дамовіліся аб падаўжэнні ўгоды на 120 дзён. Наступны раз па заканчэнні яе тэрміну ў сакавіку яна была працягнутая толькі на 60 дзён да 18 траўня 2023 года і апошні раз – яшчэ на 60 дзён да 17 ліпеня 2023 года.

Першы карабель з украінскім збожжам – «RAZONİ».
Фота: tcsavunma / Twitter

Што стала вынікам такіх высілкаў

«Збожжавая ўгода» прынесла выгаду найперш Украіне. За час дзеяння дакументу марскім шляхам было вывезена 33 млн тонаў украінскага збожжа. Паводле DW, толькі з сакавіка 2022 года экспарт збожжа прынёс Украіне каля $ 700 млн. Паводле Еўрапейскай эканамічнай камісіі ААН, доля сельскай гаспадаркі ў ВУП Украіны ў 2022 годзе склала 9 %, гэта адзін з галоўных сектараў у эканоміцы краіны.

Рэалізацыя Стамбульскага пагаднення мела вялікі ўплыў і на сусветны рынак харчавання. Паводле звестак Міжнароднай рады збожжа, у апошнія гады Украіна займала чацвёртую паводле абʼёмаў пазіцыю сярод экспарцёраў збожжа ў свеце. Каля 90 % гэтай прадукцыі ішло праз парты ў Чорным моры. Да расейскага ўварвання праз чарнаморскія парты на экспарт з Украіны штомесяц накіроўвалася каля 5 млн тонаў збожжа. Таму аднаўленне нават часткі гэтага экспарту вельмі заўважнае.

За час рэалізацыі Чарнаморскай збожжавай ініцыятывы пэўныя выгады атрымала і Расея. Паводле «Carnegie Politika», расейскі экспарт збожжавых і зернебабовых толькі ў ліпені – снежні 2022 года павялічыўся на 11,6 %.

Агулам жа Стамбульская ўгода, паводле звестак ААН, спрыяла зніжэнню цэнаў на харчы ў свеце. Паводле ацэнкі Антонью Гутэрыша, экспарт харчавання і ўгнаенняў з Расеі і Украіны працягвае адыгрываць важную ролю ў запэўніванні глабальнай харчовай бяспекі.

«Гэтая ўгода – рэдкі выпадак, які дае магчымасць зразумець, на што здольная міжнародная супольнасць, калі яна прымае да ўвагі праблемы нашага часу. У сукупнасці яны спрыяюць устойліваму зніжэнню сусветных цэнаў на прадукты харчавання, якія цяпер больш чым на 23 % ніжэйшыя за рэкордава высокія паказнікі сакавіка мінулага года», – заявіў генеральны сакратар ААН.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: pixabay.com

Што далей

Расея працягвае настойваць на тым, што нічога не атрымлівае ад «збожжавай угоды». 13 чэрвеня 2023 года Уладзімір Пуцін заявіў, што Захад падмануў Расею і не выконвае яе патрабаванняў у межах угоды. Паводле выдання «Медуза», Расея выстаўляе наступныя патрабаванні:

1) перападлучыць «Рассельгасбанк» да сістэмы SWIFT;

2) аднавіць продаж сельгастэхнікі ў Расею;

3) разблакаваць замежныя актывы расейскіх кампаніяў, звязаных з вытворчасцю;

4) адмяніць абмежаванні на страхаванне і перастрахаванне;

5) аднавіць працу аміякаправоду «Тальяці – Адэса».

Важна ведаць, што ніводная з гэтых умоваў у афіцыйным дакуменце пагаднення не прапісаная.

Украіна настойвае не толькі на захаванні «збожжавага калідору», але і на яго пашырэнні праз выкарыстанне большай колькасці марскіх партоў, чым было дагэтуль. Апроч таго, на выпадак выхаду Расеі са «збожжавай угоды» Украіна распрацоўвае план Б. Паводле Украінскай збожжавай асацыяцыі (УЗА), ён уключае арганізацыю экспарту без удзелу расейскага боку праз рачныя дунайскія парты Украіны ў кааперацыі з Малдовай і Румыніяй. План таксама прадугледжвае выкарыстанне дадатковых фінансавых інструментаў для страхавання караблёў, якія будуць заходзіць у парты Вялікай Адэсы і перавозіць збожжа без «збожжавай угоды». Урад Украіны вылучыў 20 млрд грывень у спецыяльны фонд для кампенсацыяў замежным уладальнікам караблёў у выпадку пашкоджанняў карабля або тавару.

Калі ўсё ўдасца, то Украінская збожжавая асацыяцыя прагназуе падваенне абʼёму перавалкі збожжа праз дунайскія парты. Паводле звестак УЗА, Украіна ў ліпені 2022 – чэрвені 2023 года праз марскі і сухаземны шляхі «збожжавага калідору» экспартавала агулам 58,5 млн тонаў збожжа і зерня алейных культураў, што на 9 % больш за паказнікі мінулага збожжавага сезону.

Аднак некаторыя эксперты адзначаюць, што без магчымасці перавозіць сельгаспрадукцыю караблямі праз мора экспарт збожжа з Украіны будзе вельмі складаным. Як піша DW, транспартаванне цяжкавікамі будзе больш марудным і дарагім. А для транспартавання чыгункаю не хапае вагонаў для такой вялізнай колькасці збожжа. Тым не менш, праз чыгуначныя «лініі салідарнасці» з Украіны ў Еўропу з моманту заключэння ўгоды змаглі перавезці каля 14 млн тонаў украінскага збожжа. Але ёсць яшчэ адна перашкода – на пачатку чэрвеня 2023-га Еўразвяз увёў абмежаванні на імпарт, бо ўсходнееўрапейскія фермеры былі незадаволеныя сітуацыяй, якая склалася. Паводле ацэнак фермераў, украінскае збожжа збівае цану на мясцовую прадукцыю і яны губляюць рынкі збыту для свайго ўраджаю. Таму, хаця збожжа з Украіны можна перавозіць сухаземна праз Балгарыю, Венгрыю, Польшчу, Румынію і Славаччыну, прадаваць яго ў гэтых краінах нельга.

Важны чыннік – уплыў на сітуацыю з боку ААН. Міжнародная арганізацыя працягне прыкладаць намаганні для падаўжэння «збожжавай угоды», бо спынення экспарту ўкраінскага збожжа ды іншых харчоў і сыравіны дапусціць нельга. Свет ужо перажыў цяжкі момант у 2022 годзе, калі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання Расеі ва Украіну пад пагрозаю было забеспячэнне збожжам многіх дзяржаваў, асабліва ў Афрыцы і на Блізкім Усходзе, дзе сітуацыю з забеспячэннем насельніцтва харчаваннем істотна пагоршыла пандэмія COVID-19.

Паводле Еўракамісіі, на Украіну прыпадае 10 % сусветнага рынку пшаніцы, 15 % – кукурузы, 13 % – ячменю. Паводле звестак Харчовай арганізацыі ААН (FAO), сусветная вытворчасць збожжа ў сельскагаспадарчым 2021/2022 годзе склала 2,81 млрд тонаў, а ў сезоне 2022/2023 чакаецца на ўзроўні 2,79 млрд тонаў.

Антон Тачняк belsat.eu

Стужка навінаў