У Беларусі павялічылі набор мэтавікоў у медычныя ВНУ. У стаматалогіі ім аддалі 80 % бюджэтных месцаў


Віцэ-прэм’ер Ігар Петрышэнка абвесціў, што ў медычных ВНУ сёлета павялічылі колькасць месцаў бюджэтнай формы навучання, а таксама набор мэтавікоў, перадае БелТА. Акрамя таго, чыноўнікі ўскладнілі пераразмеркаванне, каб маладыя адмыслоўцы не ўцякалі ад адпрацоўвання.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Заняткі ў Беларускім дзяржаўным медычным універсітэце.
Фота: БДМУ / Telegram

Для скарачэння дэфіцыту дактароў у медычных навучальных установах павялічылі колькасць бюджэтных месцаў на 210, паведаміў намеснік прэм’ер-міністра Беларусі Ігар Петрышэнка, выступаючы на супольным пасяджэнні абедзвюх палатаў парламенту.

Мэтавы набор у стаматалогіі ды педыятрыі вырас з 50 % да 80 %, а ў іншых спецыяльнасцях – з 50 % да 60 % ад агульнай колькасці бюджэтных месцаў. «Мы ў далейшым плануем гэтую лічбу павялічваць», – запэўніў чыноўнік.

Акрамя таго, паводле Петрышэнкі, чыноўнікі ўскладнілі ўмовы пераразмеркавання, каб мэтавікі не маглі ўхіліцца ад адпрацоўвання.

Супольнае пасяджэнне Палаты прадстаўнікоў і Савету Рэспублікі. Менск, Беларусь. 14 чэрвеня 2023 года.
Фота: БелТА

Раней міністр аховы здароўя Дзмітрый Піневіч не выключаў, што ў медычных ВНУ за кошт бюджэту будуць навучацца толькі мэтавікі.

«Мэтавы набор можа развязаць праблему ў тым ліку малых раёнаў. Ён пашыраны да 60 %, пяройдзем на 80 %, а можа быць, гэта будзе і 100 %. Мы будзем вызначаць ім працоўнае месца», – казаў міністр у леташнім снежні.

Тады Піневіч прызнаваў, што ў краіне бракуе дактароў, аднак не ўдакладніў, колькі не стае.

Hавiны
Улады прыдумалі, як змагацца з недахопам лекараў: 100% мэтавікоў у ВНУ
2022.12.11 22:08

На пасяджэнні Нацыянальнага сходу Петрышэнка таксама паведаміў: вызначаныя 105 установаў аховы здароўя, што патрабуюць капітальнага рамонту, больш за 900 – касметычнага. На гэта выдаткавалі Br 210 млн. «Рамонтныя работы завершаныя ў 165 установах, трываюць у 472. Асноўны аб’ём работаў плануецца завяршыць сёлета», – сказаў чыноўнік.

Яшчэ запэўніў, што «ўзмоцнены кантроль за забеспячэннем даступнасці медычнай дапамогі на ўсіх узроўнях, прыпыненае скарачэнне ФАПаў»:

«Арганізаваны сталы маніторынг за максімальна эфектыўным выкарыстаннем высокатэхналагічнага медычнага абсталявання: на базе амбулаторна-паліклінічных установаў – не менш як у двухзменным рэжыме, на базе гарадскіх, абласных шпіталяў, міжраённых цэнтраў, РНПЦ – у кругладзённым».

Петрышэнка таксама сцвярджае, што чыноўнікі «ўзялі на жорсткі кантроль рэжым работы ўсіх амбулаторна-паліклінічных арганізацыяў», каб павысіць даступнасць дапамогі насельніцтву да і пасля працоўнага дня, а таксама ў выходныя.

Каментар
Медыкі лічаць, што цяпер паступленне ў медуніверсітэт прыраўноўваецца да самазабойства
2023.06.14 20:44

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў