Прадстаўнік «BYPOL»: Каля 40 % ГУБАЗіКу было на баку народу


Былы работнік Галоўнага ўпраўлення барацьбы з арганізаванаю злачыннасцю і карупцыяй (ГУБАЗіК) Станіслаў Лупаносаў распавёў радыё «Рацыя» пра падтрыманне народу сярод сілавікоў пасля апошніх прэзідэнцкіх выбараў. У 2020-м Лупаносаў не стаў браць удзелу ў шматлікіх актах палітычных рэпрэсіяў і перайшоў на бок пратэстоўцаў. Цяпер ён працаўнік супольнасці былых сілавікоў «BYPOL» у Варшаве.

Станіслаў Лупаносаў.
Фота: bypol.org

«Першы час пасля выбараў каля 40 % ГУБАЗіКу адназначна было на баку народу. Яны гэтага не паказвалі, проста нічога не рабілі. Яны нічога не выконвалі. Другая частка бегала разам з Карпянковым, разам з Бедункевічам, з байцамі сілаў спецыяльных аперацыяў Міністэрства абароны. Тыя кадры, што мы бачылі, – гэта рабілі яны», – расказаў Станіслаў Лупаносаў.

Паводле прадстаўніка «BYPOL», тыя 40 % засталіся працаваць, і ніхто не выехаў, акрамя яго: «Некаторыя звольніліся, бо немагчыма было працаваць, бо гэта не іхныя метады. Яны і ў кастрычніку 2020 года звальняліся, не працягвалі кантрактаў, хоць і хацелі працягваць. Праца рэальна «цёплая», найлепшая для аператыўнага работніка ў міліцыі. Ніхто з цябе не пытае, ты там сам сабе гаспадар».

Лупаносаў таксама распавядае, што практычна з кожным з сілавікоў размаўлялі, увесь час праводзілі палітычную інфармацыю. У тым ліку з запрашэннем Караева, Казакевіча: «Яны ўвесь час уціралі палітыку рэжыму: «Гэта ўсё нармальна. За намі Расея». Прычым яны казалі даслоўна – Расея, не Лукашэнка, «за імі Расея». У прыватнасці пра гэта казалі Карпянкоў і Бедункевіч».

Станіслаў Лупаносаў працаваў у ГУБАЗіКу на пасадзе старэйшага оперупаўнаважанага першага ўпраўлення, што займаецца карупцыйнымі злачынствамі ў сферы медыцыны. Да гэтага ён працаваў 4 гады ў ГУУС Менску. Займаўся злачынствамі ў кіберпрасторы, змагаўся з хакерамі, з махлярствам у інтэрнэце. Яшчэ да таго 10 гадоў – ва ўпраўленні крымінальнага вышуку, дзе раскрываў крадзяжы аўтамабіляў.

У снежні 2020 года Станіслаў Лупаносаў выехаў з тэрыторыі Беларусі. Ён залучаны ў пералік асобаў, якія маюць дачыненне да тэрарыстычнай дзейнасці, а ў 2021 годзе быў прызнаны абвінавачаным паводле артыкулаў аб замаху на акт тэрарызму і несанкцыянаванае капіяванне інфармацыі.

Hавiны
СК пачаў спецвядзенне ў дачыненні да экс-супрацоўніка ГУБАЗіК Станіслава Лупаносава
2023.01.12 19:42

Алена Рувіна belsat.eu

Стужка навінаў