Вялікаму брату дазволілі калі-нікалі сачыць за табой. У ЕЗ ухвалілі закон аб штучным інтэлекце


Еўрапарламент ухваліў закон, што рэгулюе выкарыстанне штучнага інтэлекту. Гэта першы ў свеце такі ўсёабдымны дакумент. Нейрасеткі цяпер дазволена ўжываць для сачэння ў рэальным часе, аднак з пэўнымі ўмовамі і не на сталай аснове. У Беларусі аніякіх абмежаванняў у гэтай справе няма.

Здымак мае ілюстрацыйны характар. Камеры назірання каля Кастрычніцкай плошчы. Менск, Беларусь. 19 жніўня 2022 года.
Фота: Белсат

Закон падтрымалі 523 дэпутаты Еўрапарламенту, 46 былі супраць, 49 устрымаліся. У заяве інстытуту адзначаецца, што дакумент стымулюе інавацыі і адначасова скіраваны на «абарону галоўных правоў, дэмакратыі, вяршэнства закону, на зацвярджэнне Еўропы ў якасці лідара ў гэтай галіне».

Нарматыўны акт забараняе:

  • нямэтавы збор выяваў абліччаў у інтэрнэце або з запісаў камераў назірання для базы звестак распазнання твару;
  • распазнанне эмоцыяў на працоўным месцы і ў навучальных установах;
  • нейрасеткі, што маніпулююць паводзінамі людзей або выкарыстоўваюць іхныя ўразлівыя месцы;
  • ужыванне генератыўных мадэляў праваахоўнымі органамі толькі для стварэння профілю асобы або ацэньвання яе характару.

Заканадаўцы таксама забаранілі праваахоўнікам карыстацца біяметрычнымі сістэмамі ідэнтыфікацыі за выняткам некаторых выпадкаў. Сачэнне ў рэжыме рэальнага часу магчымае толькі з дазволу суда, толькі абмежаваны тэрмін і толькі ў вызначанай лакалізацыі. Гэтая тэхналогія будзе прыдатная пры пошуку зніклай асобы альбо дзеля перадухілення тэракту.

У Беларусі ж за грамадзянамі сочаць кругладзённа і без якіх-кольвек абмежаванняў: гэтак званая Рэспубліканская сістэма маніторынгу грамадскай бяспекі дазваляе ў онлайн-рэжыме ідэнтыфікаваць асобу і транспартавыя сродкі. 3 сакавіка намеснік кіраўніка МУС Генадзь Казакевіч хваліўся, што да гэтай сістэмы падлучаныя ўжо 35 тысяч камераў назірання, і іх колькасць будзе павялічвацца.

Гэты маніторынг створаны на аснове сістэмы сачэння «Kipod», якую распрацавала прыватная кампанія «Synesis». Інструмент дазваляе распазнаваць твары і за секунды знаходзіць асобу паводле загадзя запампаванага фота. А ў базу маглі заліць пашпартавыя здымкі ўсіх беларусаў – тэхналогія гэта дазваляе. «Kipod» дапамагае сілавікам чыніць палітычныя рэпрэсіі, праз гэта ЕЗ наклаў санкцыі на кампанію «Synesis» і яе ўладальніка Аляксандра Шатрова.

Hавiны
Распрацоўнікі расказалі, як працуе сістэма сачэння «Kipod», якой карыстаюцца беларускія сілавікі
2022.08.16 10:59

Згадалі ў дакуменце і гэтак званыя сістэмы павышанай рызыкі. Гаворка пра выкарыстанне штучнага інтэлекту ў крытычнай інфраструктуры, адукацыі, занятасці, медыцыне, банкаўскай галіне, міграцыі і памежным кантролі, правасуддзі. Тут усё мусіць быць пад наглядам чалавека.

Дыпфэйкі – створаныя з дапамогаю нейрасетак фота-, відэа- і аўдыяматэрыялы на аснове выяваў і голасу рэальных людзей – мусяць быць пазначаныя такім чынам, каб было зразумела, што гэта падробка.

Чакаецца, што канчатковае ўхваленне закону – на палітычным і тэхнічным узроўні – адбудзецца ў траўні. Цалкам дакумент набудзе моц у 2027 годзе.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: Freepik

Гэты нарматыўны акт «будзе ўплываць амаль на ўсе сферы жыцця людзей і на шмат якія індустрыі», адзначыў у каментары «Белсату» праўнік, заснавальнік супольнасці распрацоўнікаў гульняў «Belgamedev» Яраслаў Кот.

«Найбольшая праблема – адказнасць. І адзін з галоўных прынцыпаў, што закладзены ў акце, – за ўжыванне штучнага інтэлекту адказны чалавек, чалавек не можа перакладваць адказнасць на генератыўныя мадэлі. Працу нейрасетак і вынік гэтай працы мусяць кантраляваць людзі, каб мінімізаваць рызыкі», – кажа адмысловец.

Фактычна дакумент вызначае, што распрацоўваннямі ў гэтай галіне і створанымі інструментамі мусяць займацца прафесіяналы – гэтак сама, як маніпуляцыі са скальпелем даручаюць толькі адукаваным хірургам. Штучны інтэлект, дарэчы, можа быць і карысным, і шкодным – як той жа скальпель, якім можна і вылекаваць, і забіць.

У той жа медыцыне генератыўныя мадэлі таксама забаранілі: калі нейрасетка памыліцца – хто будзе адказваць за жыццё чалавека?

«Штучны інтэлект не зможа рабіць хірургічных аперацыяў, нейкіх медычных працэдураў. У гэтай галіне забаронена перакладваць адказнасць на нейрасеткі», – падкрэсліў Яраслаў Кот.

Каментар
«Будзе пакрысе вучыцца». IT-адмысловец заклікаў размаўляць з нейрасеткамі на беларускай мове
2023.11.25 16:46

Яшчэ адну палёгку атрымае гома сапіенс пры пошуку працы. У шмат якіх буйных кампаніях папярэднюю фільтрацыю рэзюмэ спаборнікаў ажыццяўляюць нейрасеткі, кажа суразмоўца «Белсату». Цяпер кадравікам давядзецца вывучаць анкеты на свае вочы:

«Маюцца інструменты, што вывучаюць і адбіраюць рэзюмэ ад кандыдатаў на працу. Шматлікія рэзюмэ, дзе, напрыклад, адсутнічалі або прысутнічалі нейкія вызначаныя словы, нават не разглядаліся і заставаліся без адказу. Гэтую практыку закон таксама забараніў».

Таксама асобныя патрабаванні прапісалі для праграмістаў. «Іх забавязалі даваць для рэгістрацыі свой софт, дакументацыю, каб атрымаць сертыфікацыю. Усе інструменты мусяць быць зарэгістраваныя ў ЕЗ у адмысловай базе», – патлумачыў юрыст, адзначыўшы, што кампаніям за парушэнні будуць пагражаць шматмільённыя штрафы.

«Усё, што будзе выпрацоўваць штучны інтэлект, будзе рэгістравацца і маніторыцца, каб можна было паглядзець, дзе што зроблена», – назваў адмысловец яшчэ адну норму ўхваленага дакументу.

Канчатковы вынік акт займее, калі заканадаўства краінаў ЕЗ будзе да яго адаптаванае. «Пакаранні за парушэнні мусяць быць рэалізаваныя на нацыянальным узроўні», – падсумаваў Яраслаў Кот.

Аб’ектыў
Нейрасеткі выходзяць з-пад кантролю?
2023.04.06 22:45

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў