У Беларусі інтэрнэт-крамам дазволяць не прымаць гатоўку ад пакупнікоў


Улады рыхтуюць змены ў заканадаўства, каб інтэрнэт-крамы не былі абавязаныя прымаць гатоўку. «Узнікла патрэба, каб спажыўцы разлічваліся толькі ў безнаяўнай форме», – заявіла на прэс-канферэнцыі ў Менску прадстаўніца МАРГу Іна Гаўрыльчык. Пра гэта, паводле чыноўніцы, папрасілі самі гандляры.

Здымак мае ілюстрацыйны характар.
Фота: ru.freepik.com

Змены плануюцца ў законе «Аб абароне правоў спажыўцоў». Цяпер прадавец і выканаўца паслугі абавязаны забяспечыць і наяўную, і безнаяўную форму аплаты, а спажывец сам выбірае, як разлічыцца.

«Узнікла патрэба ў тым, каб спажыўцы разлічваліся толькі ў безнаяўнай форме. Як паказвае аналіз, пераважная бальшыня спажыўцоў разлічваецца ў безнаяўнай форме, гэта прасцей. Улічваючы прапанову інтэрнэт-гандляроў, распрацаваны праект нормы, які прадугледжвае, што патрабаванне аб забеспячэнні двух формаў аплаты не будзе датычыць інтэрнэт-крамаў. Калі прадавец пастановіць, што ён прымае толькі безнаяўныя, гэта не будзе парушэннем», – сказала начальніца ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламаю міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю Іна Гаўрыльчык.

Паводле яе, прапанова «часткова абмяркоўвалася з бізнесам», а тых, хто супраць гэтай ідэі, «зусім небагата».

Аналітыка
Ці сапраўды расейскі бізнес адціскае рынак у беларусаў і наколькі гэта небяспечна?
2024.02.22 19:22

Чыноўніца таксама паведаміла, што ў заканадаўстве асобна прапішуць маркетплэйсы. Цяпер яны фармальна лічацца інтэрнэт-крамамі, але насамрэч гэта проста «агрэгатар інфармацыі пра тавар» і не мусіць несці абавязанні перад пакупніком замест прадаўца. Маркетплэйсы афіцыйна прызнаюць пасярэднікамі.

«Плануецца даць права агрэгатару скасоўваць дамову з нядобрасумленнымі прадаўцамі, якія парушаюць заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў, не выконваюць абавязанні перад спажыўцом. Агрэгатар будзе абавязаны забяспечваць дзейсную сувязь паміж прадаўцом і спажыўцом», – адзначыла Гаўрыльчык.

Пакупнік атрымае магчымасць паскардзіцца маркетплэйсу, каб той, у выпадку якіх-кольвек праблемаў, прымусіў прадаўца выканаць свае абавязанні:

«А калі, напрыклад, спажывец аплаціў праз маркетплэйс тавар, але гэты тавар прадаўцом яму не дастаўлены, то маркетплэйс будзе вяртаць спажыўцу грошы, а далей ужо са сваім партнёрам-прадаўцом, калі ласка, няхай урэгулюе гэтае пытанне».

Яна падкрэсліла, што гэта пакуль толькі прапанова, якая пакуль нават не абмяркоўвалася з «усімі зацікаўленымі», таму пакуль не вядома, ці стануць такія палажэнні нарматыўнымі.

Цяпер у Беларусі працуюць амаль 30 тысячаў інтэрнэт-крамаў, напачатку 2021 года іх было 25,5 тысячы.

Агляд
Бум маркетплэйсаў у Беларусі: сакрэт поспеху і прагнозы на будучыню
2023.12.02 09:40

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў