Зоркі сусветнага футболу прыехалі на турнір у Маскву


Нягледзячы на вайну, зоркі футболу паехалі ў Расею. Сярод іх – шэсць былых гульцоў зборнай Беларусі.

Узнагароду «Лепшы гулец» турніру «Кубак Легендаў» атрымаў партугалец Пэдру Мэндыш.
Фота: Кубок Легенд | Legends Cup️ / Telegram

Што такое «Кубак Легендаў»?

Турнір «Кубак Легендаў» праводзіўся ў мінулыя выходныя ўжо шаснаццаты раз. У ім удзельнічаюць вядомыя гульцы. Калі раней на яго прыязджалі зборныя розных еўрапейскіх краінаў – Італіі, Францыі, Партугаліі, Нямеччыны і інш., – то цяпер зборных пад еўрапейскімі сцягамі не было, але нямала сусветных зорак усё ж прыехалі ў Маскву. Яны гулялі за зборную свету, а супрацьстаялі ёй легенды расейскіх клубаў – «Дынама», ЦСКА, «Спартака», «Лакаматыву» і «Зеніту». У выніку ў фінале «Легенды «Спартака» перамаглі зборную свету. Нагадаем, што клубам і зборным Расеі забаронена ўдзельнічаць у міжнародных спаборніцтвах праз ваенную агрэсію Расеі супраць Украіны.

Хто прадстаўляў у Маскве Беларусь?

Былыя гульцы зборнай Беларусі гулялі на турніры ў Маскве. Гэта найлепшы бамбардзір у гісторыі зборнай Беларусі (20 забітых мячоў) Максім Рамашчанка, былы галкіпер зборнай Беларусі Генадзь Туміловіч, абаронцы Эрык Яхімовіч, Сяргей Гурэнка, Андрэй Лаўрык і прыхільнік рэжыму Лукашэнкі, шасціразовы найлепшы футбаліст Беларусі 42-гадовы Аляксандр Глеб. Апошні ў 2020 годзе завяршыў кар’еру і пасля, шчыра кажучы, сябе не знайшоў. Хіба што быў заўважаны ва ўдзеле ў праўладных мерапрыемствах.

52-гадовы Генадзь Туміловіч, былы галкіпер зборнай Беларусі, цяпер працуе галоўным трэнерам у расейскай камандзе па пляжным футболе «Крышталь». У 2020 годзе Туміловіч падтрымаў беларускі пратэст і страціў працу трэнера брамнікаў у зборнай Беларусі па пляжным футболе.

Заўзятары на матчу паміж расейскім клубам «Спартак» і зборнай свету.
Фота: Кубок Легенд | Legends Cup️ / Telegram

47-гадовы Максім Рамашчанка, які нарадзіўся ва ўкраінскім Паўлаградзе, трэнуе клуб ФШМ і даўно жыве ў Расеі, як і 55-гадовы Эрык Яхімовіч. 51-гадовы Сяргей Гурэнка раней гуляў і працаваў у Расеі, а цяпер не мае афіцыйнай працы, як і 49-гадовы Андрэй Лаўрык.

Хто з замежнікаў усё ж прыехаў у Маскву

У Расею прыехалі грэкі Андоніс Нікапалідыс (брамнік, чэмпіён Еўропы 2004 года) і Гёргас Карагуніс, бразілец Майкон Дуглас Сізэнанду (пераможца Лігі Чэмпіёнаў у складзе італьянскага «Інтэру»), былыя футбалісты лонданскага «Арсеналу» француз Вільям Галя і івурыец Эманюэль Эбуэ, турэцкі форвард Хасан Кабзэ, серб Здраўка Кузманавіч, харваты Івіца Олыч і Вэдран Чорлука, аргентынец Нікаляс Парэха, латвіец Юрыс Лайзанс, немец Кевін Курані і партугалец Пэдру Мэндыш, а вось два іншыя партугальцы – Нуну Гоміш і Рыкарду Кўарэжма – і француз Сэбаст’ен Фрэй ад паездкі адмовіліся.

Здзіўляе пазіцыя француза Вільяма Галя, які ў жніўні мінулага года згуляў у дабрачынным адзінаборстве «Game4Ukraine», арганізаваным Аляксандрам Зінчанкам і Андрэем Шаўчэнкам. Характэрна, што ў матчы дзеля падтрымання Украіны Галя вызначыўся голам. Што гэта значыць? Зарабляюць грошы і не цікавяцца палітыкай.

Мы папрасілі нашых экспертаў пракаментаваць сітуацыю.

Журналіст аднаго са спартовых выданняў кажа, што большасць гульцоў нават не разглядае палітычнага аспекту, яны проста едуць гуляць у футбол. Не толькі на пару дзён на турнір, але падпісваюць шматгадовыя кантракты з расейскімі клубамі, якія цяпер пад санкцыямі.

Матч паміж расейскім клубам «Спартак» і зборнай свету. На здымку (злева) – бразілец Майкон Дуглас Сізэнанду.
Фота: Кубок Легенд | Legends Cup️ / Telegram

– Калі казаць пра беларускіх футбалістаў, то амаль усе яны гулялі і жылі ў Расеі, некаторыя – ужо дзясяткі гадоў, маюць расейскае грамадзянства. Таму гэта, напэўна, не мусіць моцна здзіўляць, іншае пытанне – маральны аспект, але, як бачым, яны не звяртаюць на гэта ўвагі. Возьмем Глеба. Чалавек гуляў у найлепшых клубах свету, а цяпер не можа сябе знайсці ў звычайным жыцці. Гэта, напэўна, ні пра што не сведчыць. Замежныя зоркі прыехалі проста зарабіць, іх зусім не цікавіць палітыка. Ну ідзе недзе вайна, нас гэта не кранае, чаму мы не можам проста пагуляць у футбол? Але бачым, што ёсць футбалісты, якая разумеюць, што такія гульні дрэнна адаб’юцца на іхным іміджы, і адмаўляюцца, – кажа ў размове з «Белсатам» спартовы журналіст з Беларусі.

Спартовы менеджар Сяргей Свіркоў мяркуе, што сёння спартоўцы не павінныя ездзіць у Расею, бо яна пайшла вайною на суседа:

– Прыезд гэтых гульцоў у Расею ў цяперашні час, калі ідзе вайна, у мяне знаходзіць толькі адно тлумачэнне – грошы. Любое такое шоу вымагае запрашэння вялікіх зорак і гасцей, каб падвысіць статус Расеі ў вачах сусветнай грамадскасці. Вось глядзіце, нас наведваюць зоркі, мы – частка свету, мы ўсё такія ж вялікія. Вельмі спадзяюся, што гэтыя зоркі наведваюць Расею, бо ім заплацілі, а не таму, што яны шчыра падтрымліваюць гэтую краіну. Але ў маіх вачах статус гэтых людзей рэзка ўпаў, бо на сённяшні дзень наведваць Расею нельга, я забяру свае словы назад, калі гэтыя зоркі праз тыдзень паедуць у Кіеў і падтрымаюць Украіну ў вайне з Расеяй. Цяпер мне цікава, як на прыезд зорак сусветнага футболу ў краіну, якая ўжо амаль два гады вядзе вайну, адрэагуюць заходнія СМІ. Калі будзе маўчанне, то яно будзе азначаць спробу перагарнуць старонку і не звяртаць увагі на тое, што ў Еўропе працягваецца вайна, што ва Украіне працягваюць гінуць людзі, – кажа Сяргей Свіркоў.

Цяперашнія гульцы лонданскага «Арсеналу» адкрыта выступаюць супраць вайны, пра тое, што адбываецца ва Украіне, ім распавядае абаронца Аляксандр Зінчанка. Гулец зборнай Украіны арганізуе чарговую гульню ў падтрыманне Украіны. 26 лютага сабраная Зінчанкам каманда згуляе з калектывам, які збярэ яшчэ адзін гулец «Арсеналу», бразілец Жэзус. Усе сабраныя сродкі будуць перададзеныя батальёну «Азоў».

АС belsat.eu

Стужка навінаў