Аршанскі льнокамбінат плануе адкрыць 10 крамаў у расейскіх гарадах


Генеральны дырэктар прадпрыемства «Аршанскі льнокамбінат» Алег Буянаў распавёў у інтэрв’ю віцебскай газеце «Віцьбічы» пра пашырэнне ўласнай гандлёвай сеткі заводу. Плануецца, што сёлета льнокамбінат адкрые 10 крамаў у расейскіх гарадах-мільённіках.

Аршанскі льнокамбінат.
Фота: sb.by

«Адным з першачарговых крокаў будзе развіццё ўласнай сеткі гандлю ўраздроб. 22 снежня мы адкрылі сваю першую краму ў Екацярынбурзе.

Цягам наступных двух гадоў павінны адкрыць яшчэ дзесяць крамаў у гарадах-мільённіках Расейскай Федэрацыі», – сказаў гендырэктар Аршанскага льнокамбінату Алег Буянаў, адказваючы на пытанне аб прасоўванні прадукцыі прадпрыемства на расейскі рынак.

Другі важны кірунак, з ягоных словаў, – інтэрнэт-гандаль. Перад спецыялістамі прадпрыемства стаіць задача прасоўвання брэнду беларускага лёну. Буянаў паведаміў таксама пра планаваны рэбрэндынг гандлёвага знаку «Беларускі лён» і абяцаў удыхнуць у яго «новае жыццё».

Алег Буянаў зазначыў, што на сёння галоўныя канкурэнты Аршанскага льнокамбінату на сусветным рынку тэкстылю – кітайскія вытворцы, якія за год перапрацоўваюць 100 тыс. тонаў льнянога валакна. У Воршы – усяго 17 тыс. тонаў.

Каб дагнаць кітайцаў, Аршанскі льнокамбінат бярэ, паводле гендырэктара, «курс на аўтаматызацыю і рабатызацыю вытворчасці».

«Ручную працу заменяць разумныя машыны і рабатызаваныя лініі. Мы ўжо пачалі рэалізацыю праекту па ўсталяванні аўтаматычных лініяў для пашыву ручнікоў і пасцельнай бялізны, гэтыя лініі змогуць замяніць ручную працу швачак», – сцвярджае Алег Буянаў.

Акрэсліваючы планы на будучыню падчас выступу на паседжанні экспертна-кансультатыўнай рады ў Віцебску, Буянаў казаў, што прадпрыемства павінна выйсці на экспарт у 35 краінаў свету і атрымаць выручку на суму 65 млн долараў.

Аршанскі льнокамбінат, у склад якога ўваходзяць шэсць фабрык, вырабляе тканіну, абрусы, сурвэткі і г. д. У Беларусі на сёння працуе 31 фірмовая крама льнокамбінату.

Hавiны
Працэдуру банкруцтва распачалі супраць кампаніі, якая ўваходзіла ў імперыю Мікалая Вараб’я
2024.01.14 11:05

Зміцер Міраш belsat.eu

Стужка навінаў