Прапаноўваў Лукашэнку ўгоду, узяў шэфства над Ціханоўскім. Радослаў Сікорскі вярнуўся ў МЗС Польшчы


Увечары 12 снежня польскі Сейм зацвердзіў урад, прапанаваны новым прэм’ерам Дональдам Тускам. Міністэрства замежных справаў ачоліў Радослаў Сікорскі, які ўжо займаў гэтую пасаду ў 2007–2014 гадах. Менавіта ён разам з тагачасным кіраўніком МЗС Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле ў 2010 годзе прыязджаў да Лукашэнкі з прапановаю правесці сумленныя выбары ў абмен на грошы і падтрыманне Еўразвязу.

Радослаў Сікорскі на Варшаўскім форуме бяспекі. 4 кастрычніка 2023 года.
Фота: Aleksiej Witwicki / Forum

Радославу Сікорскаму 60 гадоў. У час «Салідарнасці» ён узначальваў школьны страйкавы камітэт у роднай Быдгашчы. Працоўную кар’еру пачаў з журналістыкі, за свае фотаздымкі атрымаў узнагароду «World Press Photo». На дзяржаўную службу прыйшоў у 1992 годзе, заняўшы пасаду намесніка міністра абароны Польшчы.

У розны час быў маршалкам Сейму, чальцом Сенату, намеснікам кіраўніка МЗС, кіраваў Міністэрствам абароны і Міністэрствам замежных справаў.

Замежнапалітычнае ведамства ён ачольваў у 2007–2014 гадах, калі прэм’ерам Польшчы таксама быў Дональд Туск.

Бадай, самы запамінальны крок Сікорскага для беларусаў – ягоны візіт у нашую краіну разам з міністрам замежных справаў Нямеччыны Гіда Вэстэрвэле. Дыпламаты сустрэліся з Аляксандрам Лукашэнкам у 2010 годзе за паўтара месяца да прэзідэнцкіх выбараў. Еўрапейскія міністры фактычна прапанавалі ўгоду: галасаванне без фальсіфікацыяў у абмен на падтрыманне ЕЗ і грошы на рэформы.

Колішні міністр замежных справаў Беларусі Сяргей Мартынаў (у цэнтры) прымае Гіда Вэстэрвэле і Радослава Сікорскага. 2 лістапада 2010 г.
Фота: Vasily Fedosenko / Reuters / Forum

Чым выбары скончыліся, вядома: спробаю «штурму Дому ўраду», брутальным разгонам акцыі пратэсту, збіццём кандыдата на прэзідэнты Уладзіміра Някляева і затрыманнем шасці іншых кандыдатаў: Рыгора Кастусёва, Алеся Міхалевіча, Віталя Рымашэўскага, Андрэя Саннікава, Мікалая Статкевіча і Дзмітрыя Уса. Някляева пазней выкралі з лякарні і таксама арыштавалі.

У інтэрв’ю «Белсату» ў 2021 годзе Радослаў Сікорскі заявіў, што тады Лукашэнка выкарыстаў прапанову ЕЗ аб дэмакратызацыі і збліжэнні «як гандлёвую карту ў сваіх размовах з Уладзімірам Пуціным, і дамовіўся з ім».

«Я лічу, што нашая палітыка была слушная – гэта было стварэннем для Лукашэнкі поля манеўру. Разам з тым, усё ж зразумела, што мэтаю была і ёсць дзяржаўная незалежнасць Беларусі. Але Лукашэнка – тып постсавецкага дыктатара. І цяпер ён вярнуўся да свайго найгоршага ўвасаблення», – згадваў Сікорскі.

Перамовы з Лукашэнкам ён назваў цяжкімі: «Ведаеце, гэта былі цяжкія размовы. Бо ён такая дамінантная асоба, ён грыміць, схільны да двудушнасці. Відавочна, маніпулятар».

Акрамя таго, Сікорскі прадказаў беларускаму палітыку лёс Слабодана Мілошэвіча і Радавана Караджыча, якіх судзіў трыбунал у Гаазе:

«Калі ўжо пачынаеш забіваць і красці, то цяжка аддаць уладу. Бо за гэта можна адказаць. І гэта тое, над чым не задумваюцца такія дыктатары на пачатку сваёй дарогі. І потым змушаныя здзяйсняць чарговыя злачынствы, каб не адказваць за папярэднія. Некалі сістэма была такая, што гэткім людзям давалі палацык недзе на поўдні Францыі – і дажывай да канца сваіх дзён у раскошы. А сёння ў нас міжнародны трыбунал пакаранняў. І перспектыва скончыць, як Мілошэвіч ці Караджыч».

Інтэрв’ю
Радослаў Сікорскі: У Беларусі рэпрэсіі больш жорсткія, чымся ў Польшчы ў часе ваеннага становішча
2021.05.16 22:15

Яшчэ ў 2011 годзе Радослаў Сікорскі заклікаў Лукашэнку пачаць перамовы аб мірным перадаванні ўлады і не трымацца за сваю пасаду, як гэта рабілі некаторыя аўтарытарныя кіраўнікі ў Афрыцы: Хосні Мубарак у Егіпце і Муамар Кадафі ў Лівіі.

«Прычына эканамічных цяжкасцяў і палітычнай ізаляцыі Беларусі – сістэма «луканомікі» ў эканоміцы і палітычнай сферы. Таму тэма для дыскусіі з Лукашэнкам – пераход Беларусі да дэмакратыі і ягоны адыход ад улады. Для яго было б лепш вучыцца не ў Мубарака ці Кадафі, а браць прыклад з польскага генерала Ярузэльскага ў 1989 годзе», – казаў Сікорскі ў інтэрв’ю «The Financial Times».

Войцех Ярузэльскі – апошні камуністычны кіраўнік Польшчы, які сышоў у адстаўку пасля пагаднення з апазіцыяй аб правядзенні дэмакратычных выбараў.

Меркаванні
Польшча – Беларусь. Чаму не будзе перазапуску стасункаў
2023.11.27 08:19

У 2020 годзе Сікорскі як дэпутат Еўрапарламенту стаў сімвалічным хросным палітвязня Сяргея Ціханоўскага. У заяве польскага палітыка адзначалася, што «патэнцыйнага кандыдата на прэзідэнцтва арыштавалі паводле неабгрунтаваных абвінавачанняў»:

«Ягонае затрыманне ёсць часткай чарговага маштабнага наступу на правы чалавека ў Беларусі. Гэтыя дзеянні, развязаныя Лукашэнкам, патрабуюць актыўнай еўрапейскай рэакцыі. Як адзін з заснавальнікаў «Усходняга партнёрства», я баюся, што падобныя парушэнні дэмакратычных працэдур выбараў сурʼёзна пагражаюць будучаму партнёрству Беларусі з ЕЗ».

Суд над Ціханоўскім Сікорскі называў «жэстам роспачнага дыктатара, які намагаецца ўтрымаць уладу».

«Цяпер цёмная фаза ў гісторыі Беларусі, але гэта момант абуджэння беларускага народу як еўрапейскага народу, які патрабуе адпаведных стандартаў грамадскага жыцця, патрабуе дэмакратыі і больш шчыльных стасункаў з Еўразвязам. І тыя, хто сёння зазнае рэпрэсіі, у будучыні стануць героямі гэтага змагання. Я ў гэтым упэўнены. І таму я звяртаюся да Сяргея Ціханоўскага, ягоных паплечнікаў і семʼяў усіх рэпрэсаваных: не губляйце надзеі. Рана ці позна любая дыктатура абрынецца. Некалі Беларусь зробіцца свабодным і паважаным чальцом еўрапейскай сямʼі», – казаў Сікорскі ў інтэрв’ю DW.

Ён таксама адзначаў, што «час ад часу кантактуе з Святланай Ціханоўскай, якой даводзіцца быць лідарам змагання ад імя сужэнца».

У 2020 годзе Радослаў Сікорскі стаў сімвалічным хросным палітвязня Сяргея Ціханоўскага.
Фота: lphr.org

Намеснік кіраўніцы Аб’яднанага пераходнага кабінету, старшыня НАУ Павел Латушка павіншаваў Радослава Сікорскага з прызначэннем на пасаду міністра і падкрэсліў, што беларусы спадзяюцца на падтрыманне Польшчы ў барацьбе за свабоду і незалежнасць.

«Беларускія дэмакраты заўсёды будуць нашымі братамі, якіх мы аднойчы будзем вітаць у сямʼі свабодных еўрапейскіх народаў. Жыве Беларусь!» – адказаў на гэта Сікорскі.

Меркаванні
Чаго беларусам чакаць ад ураду Туска?
2023.12.12 20:14

Сцяпан Кубік belsat.eu

Стужка навінаў