Прэзідэнты Венесуэлы і Гаяны сустрэнуцца тварам у твар, каб абмеркаваць прэтэнзіі Каракасу


14 снежня ў Сэнт-Вінсэнце і Грэнадынах адбудзецца сустрэча прэзідэнтаў Венесуэлы Нікаляса Мадура і Гаяны Ірфана Алі. Перамовы пройдуць пры ўдзеле прэзідэнта Бразіліі Луіса Інасіў Лулы да Сіўвы, прадстаўнікоў ААН і арганізацыяў лацінаамерыканскіх і карыбскіх краінаў. Пра гэта паведамляе гаянскае выданне Newsroom.

Прэзідэнт Гаяны Ірфан Алі.
Фота: newsroom.gy

Мэтай сустрэчы, паводле прэзідэнта Сэнт-Вінсэнту і Грэнадынаў, ёсць «вострая неабходнасць дээскалацыі канфлікту і ўсталявання адпаведнага дыялогу тварам у твар паміж прэзідэнтамі Гаяны і Венесуэлы».

Тым часам прэзідэнт Гаяны падкрэсліў, што сухапутная мяжа Гаяны «не ёсць пытаннем двухбаковых абмеркаванняў». Ён заявіў, што справу тэрытарыяльных прэтэнзіяў цяпер разглядае Міжнародны суд. Алі Ірфан адзначыў таксама, што ўсе нафтавыя платформы размешчаныя ў водах Гаяны ў адпаведнасці з міжнародным правам. Але палітык падкрэсліў, што ўлады Гаяны «не супраць размоваў і сустрэчаў як адказныя людзі і краіна».

Ірфан таксама паведаміў насуперак прэтэнзіям Венесуэлы, што Гаяна працягне прыцягваць двухбаковых партнёраў, у тым ліку ЗША, да падпісання пактаў аб супрацы ў галіне абароны.

Разбор
Венесуэла, здаецца, сабралася распачаць вайну з суседняй Гаянай. Да чаго там нафта і выбары
2023.11.30 17:25

3 снежня венесуэльскія ўлады правялі рэферэндум, на якім 95 % удзельнікаў галасавання выказаліся за ўваходжанне ў склад Венесуэлы рэгіёну Гаяна-Эсэкіба, які належыць Гаяне. Пасля гэтага Нікаляс Мадура прапанаваў заканадаўчым органам прыняць закон аб стварэнні новага штату ў складзе Венесуэлы і паабяцаў прыступіць да выдачы ліцэнзіяў на выведку і эксплуатацыю нафты, газу і шахтаў ва ўсёй Гаяне-Эсэкібе. Ён таксама запатрабаваў, каб замежныя кампаніі перасталі распрацоўваць карысныя выкапні ў марскім шэльфе Гаяны.

У адказ Гаяна прывяла свае войскі ў павышаную гатовасць і звярнулася ў Раду бяспекі ААН з просьбай умяшацца ў сітуацыю, якая пагражае дэстабілізацыяй усяго рэгіёну.

Бразільскае войска сцягвае дадатковыя войскі і тэхніку да памежнага штату Рарайма. Бразільскае камандаванне завіла, што ўзмацняе сваю прысутнасць у рэгіёне, каб гарантаваць, што краіна не будзе зацягнутая ў канфлікт.

Hавiны
Бразілія сцягвае войскі да мяжы з Венесуэлай
2023.12.07 15:51

Якуб Хруст belsat.eu

Стужка навінаў