Расея запатрабавала ад казахскага выдання выдаліць артыкулы пра вайну ва Украіне


«Раскамнагляд» запатрабаваў ад казахскага выдання «Власть» выдаліць некалькі артыкулаў пра вайну ва Украіне. І прыгразіў блакаваннем сайту на тэрыторыі Расеі. У заяве выдання адзначаецца, што слухаць «Раскамнагляд» яны не збіраюцца.

Разбураныя жылыя дамы ў Марыупалі, Украіна. 30 сакавіка 2022 года.
Фота: Alexander Ermochenko / Reuters / Forum

Казахскае выданне «Власть» паведаміла, што атрымала ад «Раскамнагляду», рэгулятара ў галіне медыяў, шэраг лістоў з патрабаваннем выдаліць некалькі публікацыяў пра вайну ва Украіне. У прыватнасці, расейскаму ведамству не спадабаліся артыкулы пра абстрэл Вінніцы, у выніку якога загінулі дзясяткі цывільных, а таксама пра колькасць загінулых жыхароў Марыупалю, што некалькі месяцаў быў у расейскай аблозе.

«Раскамнагляд» прыгразіў блакаваннем на тэрыторыі Расеі сайту выдання ў выпадку, калі гэтыя матэрыялы не будуць выдаленыя.

У заяве рэдакцыі «Власти» адзначаецца, што іхная дзейнасць не рэгулюецца расейскімі законамі і ведамствамі.

«Рэдакцыя не мае намеру выдаляць названыя або любыя іншыя навіны аб вайне ва Украіне і працягне ейнае асвятленне незалежна ад таго, якога меркавання наконт гэтага прытрымліваюцца ў расейскім ведамстве, адказным за ваенную цэнзуру», – падкрэслілі ў выданні.

З пачатку вайны ва Украіне «Раскамнагляд» заблакаваў больш за 1500 сайтаў. Часцей за ўсё – за інфармацыю, якую ў Крамлі лічаць недакладнай або якая ганьбіць расейскую армію. Пад забарону можна трапіць толькі за тое, што «спецыяльную вайсковую аперацыю» называць вайной.

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў