Ля акупаванага Мэлітопалю падарвалі стратэгічны мост


Каля Мэлітопалю пашкодзілі мост, што выкарыстоўваўся расейскімі войскамі для транспартавання вайсковай тэхнікі і жывой сілы. У акупацыйнай адміністрацыі заявілі пра «тэракт украінскіх дыверсантаў», пішуць расейскія медыі.

Мост каля Мэлітопалю пасля падрыву апоры. Запарожская вобласць, Украіна. 12 снежня 2022 года.
Фота: Іван Фэдараў / Telegram

У выніку падрыву апоры мосту сур’ёзна пашкоджанае дарожнае палатно. Гэтая пераправа злучае Мэлітопаль з вёскай Касцянтынаўкай. Як напісаў у сваім Telegram-канале мэр Мэлітопалю Іван Фэдараў, праз яе «акупанты перавозілі вайсковую тэхніку з усходняга кірунку». «Гэта адзін са стратэгічна важных абʼектаў пасля «стомленасці» Крымскага мосту. ЗСУ ўжо побач», – зазначыў мэр.

У акупацыйнай адміністрацыі заявілі, што хаця мост не абрынуўся, рух на ім прыпынены. Там назвалі здарэнне «тэрактам, за якім стаяць украінскія дыверсанты». Яны заклалі выбухоўку пад апору мосту.

Дарадца кіраўніка Офісу прэзідэнта Украіны Аляксей Арэстовіч намякнуў, што менавіта ўкраінцы датычныя гэтай аперацыі.

«Гэта ізаляцыя тэатру баявых дзеянняў. Мы не даём ім магчымасці перакідваць узбраенне і баявую тэхніку своечасова. Цяпер ім давядзецца ехаць у абʼезд і гэта вельмі добра, таму што сучасная вайна – не пра тоны, а пра рытмы», – сказаў Арэстовіч у эфіры YouTube-каналу «Фейгин LIVE».

Сяргей Крот belsat.eu

Стужка навінаў